Вроцлаў. Пад музыку Вівальдзі…
Ала Бібікава
Чым далей ад Варшавы, тым больш экзатычная і прывабная архітэктура гарадоў і мястэчак, тым больш вытанчаны ландшафтны дызайн ля прыватных сядзібаў. Прывітанне, Ніжняя Сілезія!
Гэтая вобласць у розныя часы належала розным дзяржавам: Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Прусіі, Германіі. Патсдамская канферэнцыя 1945 года вярнула Польшчы большую частку тэрыторыі Сілезіі, і землі засялілі палякі з усходніх раёнаў, у тым ліку з Беларусі.
– Таму тут так шмат нашых землякоў, а назвы мястэчак даволі часта паўтараюць назвы беларускіх вёсак, – паведамляе мая сяброўка Таня – неардынарная асоба, таленавіты фатограф і проста добры чалавек, якая ўжо некалькі гадоў жыве ў Ніжняй Сілезіі і шчыра любіць гэтыя мясціны. Ад Варшавы наша падарожжа становіцца сумесным, усе наступныя ўражанні мы будзем дзяліць на дваіх.
На вакзале ў Вроцлаве нас сустракае сябар Таццяны – Эўгеніуш, папросту Генык, і вязе ў свой утульны асабняк на ўскрайку горада. Здаецца, наш нечаканы тэлефонны званок і незапланаваны візіт не выклікаў ніякага ажыятажу. І ён, і ягоная жонка Марта нам рады.
У свае семдзесят Генык нястомна падарожнічае, прычым пешшу. Захапленне, якое ў цяжкім для краіны 1992 годзе ўзнікла як альтэрнатыва дарагому перамяшчэнню на самалётах, стала не проста хобі, а справай жыцця. Вандроўнік прайшоў праз Чэхію, Аўстрыю, Італію, Францыю, Іспанію, Партугалію і дайшоў да самай заходняй кропкі Еўропы. Неўзабаве да захаплення мужа далучылася Марта. Праўда, на такія адлегласці пешшу хадзіць яна не можа, таму суправаджае яго на ровары.
Пад добрае віно і начную гарбату вядзем нетаропкія размовы пра жыццё. Гаспадары распавядаюць, як складана было жыць раней: дом будавалі, дзяцей на ногі ставілі, вучылі. І пра тое, як прыемна, нарэшце, на пенсіі карыстацца вынікамі сваёй працы.
…Калі трапляеш у гістарычны цэнтр Вроцлава (нямецкі Breslau), поўнасцю губляеш пачуццё рэчаіснасці. Нездарма горад раней называлі Севернай Венецыяй. Ён раскінуўся на рацэ Одэр і чатырох яе прытоках, берагі рэк і астравоў аб’ядноўваюць шматлікія і надзвычай прыгожыя масты. Архітэктура ўражвае! Вузкія брукаваныя вулачкі вядуць да Старога Горада і яго сэрца – Рыначнай плошчы памерам у 3,7 (!) гектара.
З ратушы – шэдэўра гатычнай свецкай архітэктуры (XIII–XVI ст.) – льецца дзіўнае сапрана. Оперныя арыі Вівальдзі і Гендэля ў выкананні каралевы барока з Германіі Сімоны Кермес і Вроцлаўскага аркестра барока бударажаць душу, узносяць да нябёсаў.
Тое, што Вроцлаў – культурная сталіца Ніжняй Сілезіі, дзе пануе яе вялікасць Творчасць, разумееш адразу. Тут на кожным кроку ладзяцца імпрэзы, працуюць разнастайныя выставы, запрашаюць шматлікія музеі, тэатры, галерэі, выступаюць вулічныя цыркачы, музыкі, ствараюць свае шэдэўры мастакі.
У паўночна-заходняй частцы Рыначнай плошчы ўзняўся ў вышыню гатычны касцёл святой Елізаветы. Трыста дзве прыступкі – і з дзевяностаметровай башні адкрываецца маляўнічая панарама горада чырвоных стрэхаў. Старыя мясныя лаўкі, маляўнічы Шчытніцкі парк, батанічны сад на Тумскім востраве, шматлікія касцёлы, масты неймавернай прыгажосці – усё гэта таксама застаецца ў маім сэрцы назаўжды.
У цёмную ваду Одэра, бы ў люстэрка, глядзіцца Вроцлаўскі ўніверсітэт – адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, пабудаваны на месцы сярэднявечнага княжацкага замка. Сёння тут на васьмі факультэтах навучаюцца амаль 50 тысяч студэнтаў. На другім паверсе знаходзіцца Леапольдзінская актавая зала, якая атрымала назву ў гонар заснавальніка ўстановы імператара Леапольда. Не меншае па моцы ўражанне пакідае Асалінеум.
Ветлівыя людзі, якія з задавальненнем адгукаюцца на любую просьбу, усмешкі на тварах, адчуванне стабільнасці, бяспекі, унутранай свабоды – усё гэта надае агульнаму ўражанню пра старажытны Вроцлаў чароўную салодкую нотку. Буду неарыгінальна: я закахалася ў гэты горад моцна, горача, назаўжды. Тру носік бронзаваму медзведзяняці, што стаіць ля ратушы і з’яўляецца своеасаблівым мясцовым сімвалам. Па легендзе, гэта прынясе мне шчасце і дапаможа вярнуцца сюды зноў.
Мінуў час польска-савецкай дружбы, калі мы сябравалі арміямі, праходзіць час “чаўнакоў”, калі мы сябравалі кірмашамі, надыходзіць час добрасуседства і нармальнага турызму. Каб лепш разумець адно аднога, трэба часцей сустракацца.
Калі хтосьці скептычна скажа: “Польшча – не замежжа”, не верце. Тут ёсць на што паглядзець, ёсць дзе адпачыць, чым захапіцца і ўразіць уласнае ўяўленне. Пры гэтым адсутнічае моўны бар’ер, палякі добразычліва ставяцца да нас, і цэны не кусаюцца. Сфера гандлю развітая з улікам найноўшых сусветных стандартаў, з гібкай сістэмай зніжак. Супер- і гіпермаркеты, якія растуць нібы грыбы пасля дажджу, запоўненыя багатым асартыментам тавараў мясцовай вытворчасці і з розных куткоў Еўропы. Слова “Promocja” – самае папулярнае слова ў крамах. Падчас акцыі (а праходзяць яны часцяком) тавары прадаюцца значна танней.
Чыста знешне палякі нічым не адрозніваюцца ад беларусаў. Але за два тыдні зносін з імі я не магла не заўважыць, што польскія хлопцы і дзяўчаты, як, дарэчы, і прадстаўнікі старэйшага пакалення, больш непасрэдныя ў праяўленні эмоцый і вельмі лёгка ідуць на кантакт. Пры гэтым людзі ў пераважнай большасці сваёй набожныя: адчуваецца моцны ўплыў каталіцкай царквы. Касцёлы не пустуюць, кожны лічыць сваім абавязкам хаця б раз на дзень зайсці ў храм, схіліць калені, звярнуцца да Бога.
Палякі імкнуцца не толькі выглядаць, але і жыць па-еўрапейску. Праяўляецца гэта ў красамоўных дробязях: галантных адносінах да жанчын, ветлівасці прадаўцоў у крамах, банках і ўстановах паслуг, знаках увагі да суседзяў у цягніку, кавярні, тэатры. А яшчэ – у паводзінах на дарогах.
З уступленнем Польшчы ў Еўрасаюз для яе жыхароў адкрыліся новыя магчымасці для працы і адпачынку. Людзі пачалі больш вандраваць. Калі ты працуеш, то жывеш нармальна. Афіцыйная сярэдняя зарплата па Польшчы складае 2500 злотых – гэта прыкладна 1250 долараў, мінімальная – 1200 злотых. Многія прадстаўніцы цудоўнай паловы Польшчы прысвячаюць сябе кар’еры і працы, але грамадства вельмі цэніць жанчын, якія паспяхова вядуць дом і выхоўваюць дзяцей.
… Бы лісткі календара, таюць дні. Мае польскія канікулы падыходзяць да лагічнага завяршэння. Дарога дамоў – доўгае падарожжа праз усю Польшчу, толькі ў зваротным напрамку. У блакноце – прозвішчы новых сяброў, на дысках – каля сямі гігабайтаў знятага фотаматэрыялу, за плячыма – крылы, у душы – трапяткія пачуцці, якія бываюць пасля спаткання з любімым чалавекам, у думках – шчырае жаданне вярнуцца сюды яшчэ не раз. За новымі ўражаннямі і нататкамі…