Warning: Creating default object from empty value in /var/php54/belarus-live.info/archive/wp-content/plugins/download-monitor/classes/download_taxonomies.class.php on line 169
Беларусь і Польшча – абумоўленасць выбару | Belarus Live
Знайсці:

Беларусь і Польшча – абумоўленасць выбару

Юрась Каласоўскі

Перамога «Салідарнасці» на выбарах у 1989-м у Польшчы і наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закона намаганнямі БНФ у 1991-м прывялі адпаведна да спынення існавання ПНР і БССР, а таксама да сканчэння ўлады камуністаў у суседніх краінах. Але далей Беларусь і Польшча пайшлі рознымі шляхамі…

Сёння часта даводзіцца пачуць, што ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х Беларусь мела нават больш выгаднае становішча, чым краіны Прыбалтыкі і Польшча, але ж сёння тыя – у Еўрасаюзе, а незалежная Беларусь толькі пачынае задумвацца пра магчымасць збліжэння з Еўропай. Чаму сталася так, што мы застылі ў сваім развіцці, і ці магло быць іначай?
Калі згадаць падзеі 20-гадовай даўніны, то, бадай, можна пагадзіцца хіба з тым, што названыя вышэй краіны як прадстаўнікі сацыялістычнага лагеру ў той час былі прыкладна ў аднолькавых эканамічных умовах. Але ж пры разглядзе стану грамадзянскай супольнасці, узроўню нацыянальнай самасвядомасці становіцца відавочным велізарнае адставанне Беларусі, якая аніяк не была падрыхтаваная да дэмакратычных пераменаў.
Прычыны гэтага – у нашай гісторыі.
Яшчэ падчас існавання Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Вялікае княства Літоўскае, большасць жыхароў якога складалі продкі сучасных беларусаў, трапіла ў залежнасць ад Польскай Кароны, а беларуская мова згубіла статус дзяржаўнай і заняпала.
Са знікненнем Рэчы Паспалітай спаланізаваныя беларускія землі трапілі ў Расійскую імперыю, дзе падпалі ўжо пад уплыў русіфікатарскай палітыкі, які асабліва ўзмацніўся пасля падаўлення паўстанняў 1830–31 і 1863–64 гг.
Акрамя таго, беларусы, у адрозненне ад палякаў, страцілі сваю гістарычную назву. Этнонім «беларусы», уведзены расійскімі ўладамі ў XIX ст. з тымі ж русіфікатарскімі мэтамі, паступова замацаваўся і замяніў гістарычную саманазву «ліцьвіны».
Такім чынам, да пачатку мінулага стагоддзя Беларусь, як і Польшча, не валодала дзяржаўнасцю, але разам з тым страціла нешта больш істотнае. Гэта і свая мова, якую і па сённяшні дзень многія называюць мужыцкай ці проста адмаўляюць ёй у існаванні; і свая назва, страта якой прывяла да вядомай усім «тутэйшасці».
Зрэшты, калі Польшча аднавіла незалежнасць у 1918 г., то абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) 25 сакавіка таго ж года не прывяло да аднаўлення дзяржаўнасці якраз па згаданых вышэй прычынах. Праўда, абвяшчэнне БНР у многім абумовіла стварэнне БССР, што, напэўна, было максімумам магчымага для беларусаў у тагачасных умовах.
Але ж набыццё беларусамі дзяржаўнасці ў складзе СССР абярнулася нечуванай трагедыяй: перыяд нацыянальнага адраджэння ў 1920-х са згортваннем палітыкі беларусізацыі змяніўся этнагенацыдам, сапраўдным знішчэннем партыяй эліты беларускай нацыі. У 1930-х карныя органы савецкага таталітарнага рэжыму знішчылі большасць выдатных прадстаўнікоў беларускага народа, яго інтэлектуальную сілу і духоўную апору.
Акрамя таго, хвалі рэпрэсій выклікалі эміграцыю соцень тысяч беларусаў – сялян, рабочых, інтэлігенцыі, – якія рассеяліся па свеце, каб садзейнічаць развіццю культуры і навукі краінаў свайго пражывання, таму што палічылі савецкую ўладу непрымальнай для свайго нармальнага існавання.
Сёння за межамі Беларусі пражывае каля 3 мільёнаў беларусаў, многія з якіх атрымалі сусветную вядомасць, але, на жаль, амаль невядомыя на Бацькаўшчыне.
І калі на чужыне духоўнай асновай нацыянальнага самавызначэння, праявай самабытнасці сталі створаныя культурна-асветніцкія, навуковыя, рэлігійныя арганізацыі, музеі і архівы, пабудаваныя храмы, то ў Беларусі ў гэты ж час працягваўся перыяд разбурэння рэлігіі, сталай палітыкі антыбеларусізацыі, стварэння расійскамоўнай супольнасці «адзіны савецкі народ». У выніку колькасць насельніцтва, якое размаўляла па-беларуску, значна зменшылася, адбылося масавае закрыццё беларускіх школ.
Згадайма таксама, што яшчэ ў 1921 г. адбыўся падзел Беларусі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, а пры ўз’яднанні заходніх і ўсходніх земляў беларусы згубілі старадаўнюю сталіцу ВКЛ, цэнтр беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя – Вільню, значэнне якой для краіны цяжка перабольшыць. «Пазбавіўшы Беларусь Вільні, кіраўнікі расійскай дзяржавы пакінулі нас без магутнага гістарычнага аплоту, па сутнасці, адрэзаўшы ад заходняй цывілізацыі і шматвяковых еўрапейскіх традыцый», — зазначыў доктар гістарычных навук Захар Шыбека.
Напрыканцы ж Вялікай Айчыннай да Польшчы адышла Беласточчына, а Беларусь стала, відаць, адзінай з краін-пераможцаў у той вайне, якая не павялічыла, а паменшыла сваю тэрыторыю. «…Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды», – сказаў пра заканчэнне Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў.
І хаця пасля паразы Трэцяга рэйха была створаная Польская Народная Рэспубліка, што далучылася да сацыялістычнага лагеру на чале з СССР, моцная каталіцкая вера, высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і захаванасць нацыянальнай эліты выгадна адрознівалі ПНР ад БССР.
І калі ў канцы 1980-х стаў відавочным крах камуністычнай сістэмы, на парэштках якой паўсталі новыя незалежныя краіны (напрыклад, Чэхія, Славакія, краіны Прыбалтыкі), Беларусь таксама не засталася ўбаку, нягледзячы на нацыянальны нігілізм чынавенства і дэпутатаў.
Калі Польшчу да дэмакратыі прывяла «Салідарнасць» на чале з Лехам Валенсам, то ініцыятарам дэмакратычных пераменаў у БССР выступіў утвораны ў 1988 г. Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне» на чале з Зянонам Пазняком. Праўда, калі «Салідарнасці» пасля перамогі на парламенцкіх выбарах удалося сфарміраваць урад і прывесці да прэзідэнцтва свайго лідэра Валенсу, то апазіцыя БНФ складала ўсяго каля 10% ад усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР і ў выніку не здолела змяніць уладу ў краіне.
І ўсё ж у многім дзякуючы намаганням дэпутатаў БНФ 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, 25 жніўня 1991-га Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, а 19 верасня 1991 года быў прыняты закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Таксама была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка, якой сталі гістарычныя сімвалы нашай дзяржавы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
Але, нягледзячы на ўсё гэта, у Беларусі так і не здолелі пераадолець інерцыю камуністычнага кіравання, што ў хуткім часе прывяло да адмовы ад дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў, да кансервацыі старой эканамічнай сістэмы, міжнароднай ізаляцыі, спынення беларусізацыі і страты нацыянальных сімвалаў пасля рэферэндума 1995 г.
«Грамадства яшчэ не гатовае, каб прынесці поспех беларускай нацыянальнай дэмакратыі», – так выказаўся пра паразу нацыянальнага Адраджэння В. Быкаў.
Існасцю дзяржаўнай палітыкі на працягу апошніх 15 гадоў стала маргіналізацыя беларускай культурнай прасторы, беларускай мовы, яе носьбітаў і творцаў, занядбанне нацыянальных сімвалаў і мноства помнікаў архітэктуры.
Такім чынам, калі ў Беларусі і Польшчы змяніліся дзяржаўны лад, палітычныя сістэмы, геапалітычнае становішча, калі абедзве краіны атрымалі дзяржаўную незалежнасць і магчымасць самастойна рэалізоўваць нацыянальныя інтарэсы на міжнароднай сцэне, Беларусь выпала з тых грамадска-палітычных тэндэнцый, якія развіваліся ва Усходняй Еўропе, абраўшы іншы шлях развіцця. І найпершай адметнасцю гэтага шляху з’явілася адмова аднаўляць і ўмацоўваць нацыянальную самасвядомасць.
Таму сёння, калі Беларусь рэкламуецца як прыгожая і гасцінная краіна на стыку культур і светапоглядаў, адсутнасць дэмакратычных інстытутаў, пагарда да ўсяго нацыянальнага ўтвараюць велізарную пустэчу, якая глухой сцяной аддзяляе Беларусь ад Еўропы. Калі глядзіш на прыгажосць Беларусі – гэта цешыць і радуе, але калі не чуеш мовы – задумваешся пра існаванне нацыі.
І калі Польшча не ўспрымалася старэйшым пакаленнем як сапраўднае замежжа, то для мяне, калі я наведаў яе ў пачатку XXI стагоддзя, гэта было знаёмствам з Захадам.
А для многіх палякаў, як даводзілася пачуць, Беларусь і надалей з’яўляецца штучна ўтворанай краінай, заходняя частка якой – «усходнія крэсы» – толькі па нешчаслівым збегу гістарычных абставін апынулася па-за Польшчай.
Такім чынам, нягледзячы на вонкавае падабенства эканамічнага і палітычнага становішча Беларусі і Польшчы ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, нераўназначнасць грамадскіх зменаў у гэтых дзяржавах абумоўлена тым, што працэс нацыястварэння ў Беларусі ідзе са значным спазненнем і не завершаны дагэтуль.
І для таго, каб Беларусь сапраўды далучылася да агульнаеўрапейскай прасторы, трэба перадусім выканаць умову, агучаную на нядаўнім з’ездзе беларусаў свету шведскім амбасадарам Стэфанам Эрыксанам: «Перш чым пачуваць сябе еўрапейцам, для пачатку трэба стаць беларусам».
Менавіта таму беларускі шлях у Еўропу, ад якога залежыць лёс нашай нацыі, – гэта шлях аднаўлення нацыянальнай самасвядомасці, шлях вяртання да гістарычнай спадчыны, шлях захавання і пашырэння сферы ўжытку мовы, шлях развіцця і папулярызацыі самабытнай культуры.


Comments are closed.

-->