Правая Польшча, левая Беларусь
Пётр Рудкоўскі
Спачатку, мабыць, крыху ўспамінаў. Быў год 198… Дакладна не памятаю, але гэта было хутчэй у другой палове васьмідзесятых. Я памятаю, як мы з бацькам спрабавалі пры дапамозе савецкага тэлевізара «Гарызонт» «злавіць Польшчу», што часам і атрымлівалася дзякуючы вельмі дакладнаму скіраванню антэны, замацаванай на чатырох- ці пяціметровай жардзіне. У нейкі момант бацька крычаў мне: «Ёсць, ёсць!» Гэта значыла, што я маю скончыць гімнастыку з жардзінай, бо «Польшчу» мы злавілі. Убягаю дахаты, у тэлевізары праз «сняжок» бачная, нібы ў смузе, але ўсё ж распазнавальная, карцінка нейкіх вулічных хваляванняў. «Палякі камуністаў ганяюць! Камянямі!» – каментуе бацька. Я быў здзіўлены. Палякі ганяюць камуністаў? У маёй дзіцячай свядомасці Польшча і палякі асацыяваліся выключна з касцёлам і Папам Рымскім так, як Савецкі Саюз асацыяваўся з камунізмам і бязбожнасцю, а Нямеччына – з фашызмам і вайной. Я быў уражаны тым, што ў Польшчы – як высвятляецца – таксама ёсць камуністы!
Ад моманту гэтага майго «адкрыцця» прайшло больш за 20 гадоў. За гэты час у Польшчы шмат чаго здарылася, і адначасова з гэтым змянялася і станавілася больш рознабаковым маё ўспрыняцце Польшчы. Аднак тое, што ў маёй свядомасці вытрымала выпрабаванне часам і здаецца актуальным таксама сёння, – гэта карцінка, як палякі «ганяюць камуністаў». Дваццаць гадоў пасля развалу камуністычнага рэжыму ў Польшчы «барацьба з камунізмам», здаецца, працягвае быць дамінантай грамадска-палітычнага жыцця ў гэтай краіне. У наступнай частцы артыкула я паспрабую канкрэтызаваць і развіць гэтую думку.
1
Можна вылучыць некалькі грамадска-культурных кантэкстаў «барацьбы з камунізмам» у III Рэчы Паспалітай.
1. Клерыкальна-рэлігійны кантэкст. Гаворка ідзе пра «рэлігійных правых», г.зн. правых, аб’яднаных вакол ідэі «вернасці Богу, Касцёлу і Святому Айцу». Дыскурс гэтых правых насычаны рэлігійнымі словамі, тут мноства спасылак на Святое Пісанне, прынята вельмі часта спасылацца на «Праўду» (з вялікай літары) як галоўны крытэр ацэнкі палітычнага жыцця, а сама палітычная рэчаіснасць нярэдка апісваецца ў катэгорыях гісторыка-выратавальных, такіх як поле барацьбы Дабра са Злом, Праўды з Няпраўдай, Света з Цемрай.
Парадыгматычным прыкладам рэлігійнай «барацьбы з камунізмам» правых з’яўляецца кніга «На віражы перамен» аўтарства ксяндза Марыяна Шчэнснага, доктара гуманітарных навук. Гэтая кніга мае рэкамендацыю біскупскай курыі Элцкай дыяцэзіі. Ужо на пачатку кнігі з’яўляюцца своеасаблівыя тлумачэнні паняццяў «правыя» i «левыя»: на Страшным Судзе – заўважае аўтар – казлоў паставяць з левага боку, ягняткаў – з правага. Не менш красамоўным з’яўляецца факт, што падчас укрыжавання Хрыста добры злачынца вісеў справа, нядобры злачынца – злева. Высновы напрошваюцца самі сабой, аднак дзеля пэўнасці аўтар запісвае іх вялікімі літарамі: «УСЕ ЛЕВЫЯ ІДУЦЬ НА ЗГУБУ» . Пры гэтым няма ніякага адрознення паміж «левымі» (гэтае паняцце з’яўляецца даволі агульным і шматзначным) і «камуністамі», левыя ўвогуле – гэта «masa damnata», якая вядзе свой радавод ад бунту Люцыфера і Адама і Евы ў Раі . Прырода левых – д’ябальская, і гэта тлумачыць яе «спакуслівы характар» і надзвычайную здольнасць маскіравацца пад нешта іншае.
2. Кантэкст свецкіх народных правых. Гаворка ідзе не пра «антырэлігійных» правых, бо такіх у Польшчы не існуе, але пра тых, чый палітычны дыскурс пазбаўлены рэлігійнага драматызму, характэрнага для папярэдняга тыпу правых. Тут дамінуюць народна-палітычныя акцэнты, прынамсі, хрысціянскім каштоўнасцям прыпісваецца найважнейшае значэнне, а каталіцкаму касцёлу адводзіцца асаблівае месца ў грамадска-культурнай прасторы. Гэтыя правыя адзначаюцца асаблівым сентыментам да II Рэчы Паспалітай, непрызнаннем любых – ідэйных ці прагматычных – кампрамісаў з камуністамі (дакладней, з Польскай Аб’яднанай Партыяй Працоўных – ПАПП), што звязана з ідэяй ператварэння Польшчы ў IV Рэч Паспалітую, якая была б цалкам вольная ад элементаў ПНР-аўскай эпохі. Гэтая хваля «радыкальнага ачышчэння» не пашкадавала нават Леха Валэнсы, сімвала барацьбы з камунізмам і каталізатара эпахальных перамен. Казус Валэнсы надзвычай павучальны: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1995 г. ён заняў пазіцыю радыкальнага і бескампраміснага антыкамуніста, каб потым самому стаць ахвярай гэтага ж радыкалізму. Яго верагодны эпізод са службай бяспекі не мае вялікага значэння для ацэнкі ўсёй ягонай дзейнасці, бо, як гэта трапна акрэсліў адзін з дзеячоў беларускай Палоніі, «урэшце рэшт Лех адзначаў перамогу над Болекам». Аднак антыкамуністычны радыкалізм патрабуе знішчэння Валэнсы як Сімвала, зруйнавання ягонага імя, ператварэння яго ў Болека-калабаранта. І менавіта Валэнса ў свой час падмацоўваў гэты радыкалізм.
3. Кантэкст рэвізіянізму левых. Камунізм як ідэалогія і грамадскі строй былі аб’ектам крытыкі таксама з пазіцыі «дэмакратычных левых». У часе панавання камуністычнага рэжыму рэвізіянізм меў асаблівае значэнне, бо перад усім дзякуючы яму відавочным станавіўся таталітарны характар рэжымнага камунізму. Пераслед і траўля рэвізіяністаў выразна паказвалі, што пры такім строі няма месца нават для ўнутранага дыялогу, г.зн. дыялогу паміж носьбітамі тых жа самых або ўзаемазвязаных ідэйна-палітычных поглядаў. Менавіта з асяроддзя левых выйшлі такія славутыя польскія антыкамуністы, як Лешак Калакоўскі ці Адам Міхнік, а ў СССР ключавой фігурай у пераадоленні камуністычнага таталітарызму стаў першы сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў.
Для паўнаты карціны неабходна ўзгадаць таксама (4) ліберальна-дэмакратычны кантэкст. Я не буду характарызаваць яго падрабязна і толькі абмяжуюся заўвагай, што ў гэтым выпадку, падобна як і ў выпадку левых рэвізіяністаў, антыкамунізм будаваўся хутчэй на разбурэнні таталітарных механізмаў, чым на барацьбе з рэальнымі ці прыдуманымі «калабарантамі» і «крыптакамуністамі».
2
Барацьба з перажыткамі ПНР, што натуральна для большасці палякаў, крыху змяняе гучанне, калі паглядзець на яе з «беларускай» перспектывы. У постсавецкай Беларусі эпоха аўтарытарызму, г.зн. перыяд праўлення Лукашэнкі, часта супрацьпастаўляецца – таксама польскімі сродкамі масавай інфармацыі – «эпосе Шушкевіча» (1991–1994) як эпосе дэкамунізацыі, народнага адраджэння (у тым ліку таксама адраджэння польскай культуры ў Беларусі) і эканамічнай лібералізацыі. І гэта слушна, бо, у прынцыпе, так і было. Цікавым тут, аднак, магло бы быць параўнанне Шушкевіча – героя беларускай дэкамунізацыі – з Аляксандрам Квасьнеўскім, чые выбарчыя перамогі ацэньваліся правымі як пагроза «вяртання камуністычнага рэжыму». Шушкевіч у Беларусі перыяду адраджэння быў і заставаўся кіраўніком адной з сацыял-дэмакратычных партый, а калі гаворка пра ягонае мінулае, то ён быў намнога больш звязаны з камуністычнай рэчаіснасцю, чым Квасьнеўскі. Чаму ў такім выпадку вялікі беларускі «дэкамунізатар» аказваецца больш пафарбаваным камунізмам, чым слынны польскі «рэкамунізатар»?
Вядома, можна прапанаваць тэзіс, што беларусы «асуджаныя» – гістарычна ці з-за ўласнай віны – на «камуністычную няволю», якая зайшла так далёка, што нават невялічкую палёгку яны ўспрымаюць як вялікае вызваленне. Але, мабыць, варта паглядзець на гэта крыху інакш. Гісторыя – ці, калі каму падабаецца, наша ўласная віна – навучыла нас больш цаніць якую-колечы волю да свабоды і не распытваць асабліва, ці гэтая воля нарадзілася з «правага» ці з «левага» боку. Сэрцам і духам падтрымліваючы волю палякаў да дэкамунізацыі краіны, я адначасова адчуваю пэўны крытыцызм адносна тэндэнцыі барацьбы з «недабіткамі» і залішне частага спекулявання вобразам «пераапранутыя камунякі». Хаця я і не маю асаблівай сімпатыі да якіх заўгодна левых ідэалогій, мне здаецца, што польскія правыя недаацэньваюць значэння памяркоўных дэмакратычных левых у грамадскай прасторы і недаацэньваюць таго, што левыя рэвізіяністы таксама актыўна спрычыніліся да зруйнавання камуністычнай дыктатуры і таксама рызыкавалі кар’ерай, здароўем, а нярэдка і жыццём, змагаючыся за права грамадзян на вольнасць і годнае жыццё.