Warning: Creating default object from empty value in /var/php54/belarus-live.info/archive/wp-content/plugins/download-monitor/classes/download_taxonomies.class.php on line 169
Эўрачэмп-2012. Беларускіх заўзятараў таксама чакаюць | Belarus Live
Знайсці:

Эўрачэмп-2012. Беларускіх заўзятараў таксама чакаюць

Хведар Скрайновіч

У офісах хмарачосу непадалёк ад «Варшавы-Цэнтральнай» ужо пакрысе расьпісваюць футбольны эўрачэмпіянат. Вялізныя плошчы і колькасьць іх насельнікаў (крыху больш за 20) дазваляюць змадэляваць ня толькі пытаньні арганізацыі, але і пэўныя сустрэчы ў межах будучага спаборніцтва.
Нагадаю, у 2012 г. спартыўнае сьвята з самай вялікай у Эўропе аматарскай аўдыторыяй пройдзе на дзьве краіны: Польшчу і Ўкраіну. І там, і там ужо поўнай хадой ідзе падрыхтоўка, якая часьцей суправаджаецца не справаздачамі пра чарговыя здадзеныя аб’екты, а пэрманэнтнымі скандаламі ў стужках навінаў. Сярод апошняга – звальненьне польскага міністра спорту, які ня вытрымаў абвінавачаньняў у лябіяваньні інтарэсаў пэўных гульнявых прадпрыемстваў. Ня вытрымаў настолькі, што зьбег з уласнай прэсавай канфэрэнцыі. Ва Ўкраіне ж і горад пакуль зацьвердзілі толькі адзін – Кіеў, і з гатэлямі праблемы, і фінансаваньне трэба было ледзь не з баямі празь Вярхоўную Раду працягваць, а тут яшчэ данецкага будаўніка ва Львове зьбілі. Прынамсі, менавіта гэткім чынам выглядае падрыхтоўка ЭЧ-2012 праз маніторы, газэты і ТБ. Але ў цёплых размовах з польскім прэсавым сакратаром Юліюшам Глускім справа не падаецца настолькі бруднай і дэпрэсіўнай, і нават па той бок мяжы супрацоўнік «Euro 2012 Poland» знаходзіць шэраг пазытыўных момантаў.
Сустрэцца са сп. Глускім атрымалася ў межах візыту «Польшча 89’ – Беларусь 91’: нераўназначныя зьмены», зарганізаванага Цэнтрам міжнародных стасункаў у Варшаве. Камунікабэльны дзядзька з безакцэнтнай расейскай мовай распавёў пра структуру падрыхтоўкі, асноўных гульцоў і стасункі між імі і адказаў на шматлікія пытаньні.

«Euro 2012 Poland» і «Euro 2012 Ukraine»
За інфраструктурную падрыхтоўку мерапрыемстваў ва Ўкраіне і ў Польшчы адказваюць урадавыя арганізацыі (Каардынацыйная Рада і «PL 2012» адпаведна), і менавіта пра грошы для такога кшталту аб’яднаньня гэтак горача вялася спрэчка між Юшчанкам і ўсімі астатнімі. Але за «спэктакль» (то бок за ЭЧ-2012 мінус стадыёны ды дарогі) мусяць адказваць адмыслова створаныя УЭФА недзяржаўныя структуры «Euro 2012 Poland» і «Euro 2012 Ukraine». Але, як аказалася, дзяржчыноўнік паўсюль аднолькавы, і, калі якаясь журналістка, не разабраўшыся ў сытуацыі, тэлефануе наконт будучага раскладу чэмпіянату ва ўрад, там не прамінуць скарыстацца нагодай, каб папіярыцца, хаця б і распавёўшы пра нейкі там расклад. Натуральна, што гэткая безадказнасьць урадавых прадстаўнікоў УЭФА ня можа радаваць.
У цэлым стасункі між украінскімі і польскімі арганізатарамі прыязныя, бо паўнамоцтвы ў абодвух бакоў аднолькавыя, а абавязкі строга падзеленыя тэрытарыяльна. «Чым можам, мы ім дапамагаем, чым могуць – яны нам». Паводле словаў Юліюша Глускага, адной зь перавагаў жоўта-блакітных сталася, як ні дзіўна, наяўнасьць алігархаў, з дапамогай якіх апэратыўна будуецца шэраг элемэнтаў будучага эўрачэмпу. Сярод найбольш знакамітых – найлепшы па некаторых ацэнках у Эўропе стадыён у Данецку, які паўстаў дзякуючы сьціпламу ўнёску Рыната Ахметава. «Але алігархі не будуюць дарог. У нас жа алігархаў няма, таму стадыёны будуе дзяржава. Тыя ж багатыя людзі, што ёсьць, наадварот, пад чэмпіянат пракладаюць платныя магістралі, хаця й сумнеўнай якасьці». Ва Ўкраіне пакуль не распрацаваная сыстэма валянтэрства, у Польшчы ўжо маецца пэўны штат, таму апошнія кансультуюць першых. Туды, дарэчы, патрапіць можа любы ахвочы, і сп. Глускі паслаў нас па далейшыя інструкцыі па рэкрутаваньні на сайт УЭФА (www.uefa.com). Як кажуць, «паслаў дык паслаў», бо аўтар гэтых радкоў пакуль там нічога не знайшоў. (Калі хто знойдзе, кіньце, пліз, спасылку ў камэнтары, раптам хтось захоча папрацаваць.)
Вялікая палітыка, вялікая эканоміка
Польскія гатэлі вельмі радыя прымаць гасьцей і ўдзельнікаў эўрапейскага чэмпіянату па футболе і браніраваць месцы пад іх. Але ніяк не за тры гады да падзеі. Хто ведае, што там будзе з курсам эўра? А з коштамі на энэргію? А раптам ізноў які крызыс? Рапартаваць жа пра дамоўленасьці перад галаўным офісам УЭФА ў Ньёне па гэтых пытаньнях трэба ўжо зараз.
Прычынаў для незадаволенасьці правядзеньнем чэмпіянату ў палякаў, паводле запэўніваньня сп. Глускага, няма. Старасьвеччыну пасярод гарадоў тут з гэтай нагоды ніхто не руйнуе, дрэвы не высякаюць і брук экскаватарам не падымаюць. Наадварот, актывізавалася будаўніцтва шляхоў зносінаў, у чым эўразьвязаўскія грошы дазваляюць пачуваць сябе досыць упэўнена. На рэканструкцыю толькі варшаўскага стадыёну пушчана 2 млрд. злотых. А яшчэ меркавалася дабудоўваць тэрміналы ў варшаўскім і познаньскім аэрапортах, запускаць новыя лініі мэтро, адчыняць памежныя пераходы, аптымізоўваць транспартную сувязь між вакзаламі і спартовымі пабудовамі. Пра ступень трапятаньня турыстычнага корпусу, думаю, няма й патрэбы казаць.
Карту ЭЧ-2012 ужо разыгрываюць некаторыя палітыкі, хаця ня ўсе аднолькава пасьпяхова, як гэта паказаў міністар спорту. Дональд Туск, напрыклад, падчас выбарчай кампаніі багата здымаўся на тле стадыёнаў. І грамадзтва, дзе ідэя правядзеньня Эўрачэмпу ўжо залезла на абсягі ідэі нацыянальнай, не змагло не заўважыць гэта.
Візы
Для беларуса гэта заўсёды балючае пытаньне. Наведаць Украіну ніхто не забароніць, хаця хто яго ведае – у студзені там прэзыдэнцкія выбары. З Польшчай жа пытаньне пакуль абсалютна няяснае, і яго вырашэньне ляжыць выключна ў кампэтэнцыі Міністэрства замежных спраў. Рэкамэндацыі ж «Euro 2012 Poland» адназначныя: госьці стадыёнаў чэмпіянату Эўропы па футболе 2012 году мусяць мець вольны доступ у краіну правядзеньня спаборніцтваў. Сп. Глускі запэўніў, што беларусаў ён вельмі хацеў бы тут бачыць. На што мы адказалі: «Абы было, за каго заўзець».


Comments are closed.

-->