Адзін дзень з жыцця “cаляравоза”
Павел Белавус
Берасце – горад з унікальным геаграфічным становішчам, Польшчай і Украінай пад бокам, заўжды вылучаўся сваёй заможнасцю ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі Беларусі. І мяжа з’яўляецца вялікай камерцыйнай сілай для дасягнення і падтрымання гэтай заможнасці.
У мінулыя бязвізавыя часы кожны другі цягаў у Польшчу саляру (дызельнае паліва), гарэлку, цыгарэты і вывозіў адтуль мяса, вопратку і ўсялякі шырспажыў, які тут актыўна сплаўляўся. Вось так і жылі.
Часы змяніліся, кожны год прымаюцца новыя і новыя забароны і абмежаванні, апошняе з іх – поўная забарона ўвозу на тэрыторыю Беларусі мясных прадуктаў з Польшчы, да таго ж з новага года гэтая краіна ў шэнгензоне.
А пакуль памежнаму бізнэсу канец не прыйшоў канчаткова, у адзін з будніх дзён я накіраваўся ў Польшчу са знаёмым студэнтам на яго ўласным аўтамабіле, каб на свае вочы пабачыць і адчуць, як ён ужо 2 гады зарабляе на жыццё і адукацыю, зраніцы ходзячы ва універсітэт, а пасля пар ганяючы штодзённа за мяжу.
Заправіўшы “Фольксваген Пасат” па поўнай салярай, мы накіраваліся на памежны пераход “Варшаўскі мост”, але значная чарга машын прымусіла змяніць наша рашэнне тут перасякаць мяжу, бо за 40 км, каля Дамачава, знаходзіцца іншы пераход. Па дарозе завіталі да жыхаркі адной з памежных вёсак, хуценька набылі 2 блокі цыгарэт “Мore” з акцызнымі маркамі Украіны, каб потым перапрадаць ў два разы даражэй, наварыўшы з кожнага блока па 5 даляраў.
На памежным пункце пры нязначнай чарзе давялося прастаяць 2 гадзіны. Таму атрымалася даволі пільна паназіраць за кантынгентам кіроўцаў, якія стаялі на мяжы ў чаканні сваёй чаргі. Я зразумеў, што больш за палову аўтамабіляў ехалі ў Польшчу з той жа мэтай, што і мы, – “зліць саляру”, таму і пераважалі народныя “Пасаты”, якія маюць самы вялікі бак сярод легкавых машын – каля 100 літраў (значыцца, 80 літраў можна лёгка перапрадаць). Займаюцца гэтым і прывабныя жанчыны, і злыя мужчыны, і бедныя студэнты, і ціхія пенсіянеры – галоўнае, каб патрэбная машына была.
Колькі ж можна зарабіць за адну такую паездку?
Па маіх падліках атрымалася наступнае: салярка ў калгасах, а дакладней, нелегальна ў спрытных механікаў, кіроўцаў ці брыгадзіраў прыкладна па 1220 беларускіх рублёў за літр, калі на запраўцы каштуе 1610, у Польшчы ж перапрадаецца прыватнікам ці фермерам ужо па 2,7 злотых – гэта 2100 нашых рублёў. Атрымліваецца, на адным літры можна зарабіць 900–1000 рублёў, а прадаецца за адзін раз да 80 літраў… Далей лічыце самі.
Акрамя “салярнага бізнэса”, майго студэнта-таварыша вельмі цікавіць “тэлефонны бізнэс”, ды і замоў у яго на мабільныя слухаўкі з Польшчы заўжды шмат. Мы накіраваліся на тэлефонную базу ў Белую-Падляску. Добрыя тэлефоны тут каштуюць значна танней у параўнанні з коштамі ў нашых салонах, розніца да 70$, з газетнымі – 30–40$. Таму і жадаюць людзі, каб нехта прывёз тэлефон з Польшчы, а майму таварышу прыемна зрабіць такую справу і ў кішэню пакласці грошы. А яшчэ і так званы VAT дапамагае, бо, купляючы тэлефон, замежны кліент атрымлівае спецыяльны дакумент пра набыццё гэтай рэчы і, вяртаючыся на Беларусь, на мяжы ставіць пячатку, а ў наступны раз, наведаўшы гэтую краму з дакументам, вяртае сабе 18% ад кошту (у нас так званы ПДК – падатак на дададзены кошт). Атрымліваецца, што, перапрадаўшы добры тэлефон нават па польскім кошце, наварваеш 15–25 даляраў.
Мы набылі пяць тэлефонаў, пры тым як правезці праз мяжу аднаму чалавеку легальна можна толькі адзін новы запакаваны тэлефон. Таму на мяжы каробкі ад тэлефонаў акуратна раскладваюць і хаваюць, а самі апараты раскідваюць па кішэнях, туды мытнікі дакладна не палезуць.
Назад на Беларусь ізноў вярталіся праз Дамачава познім вечарам. І толькі дзякуючы братэрскім адносінам паміж “саляравозамі” не давялося ў кіламетровай чарзе стаяць цэлую ноч, бо адзін з “пасатаў”, прытрымаўшы рух ў калейцы, дазволіў нашаму аўто заскочыць у пярэднюю частку чаргі пад самы шлагбаум.
Падчас размовы паміж “саляравозамі” ў маё вуха заляцела плётка, што нібыта цяпер калгасную салярку, каб адрозніваць ад заправачнай, будуць фарбаваць у чырвоны колер, а на мяжы правяраць, на якой салярцы ты едзеш: звычайнай ці калгаснай чырвонай. “Не можа быць, дурнота!” – разам супакоілі адзін аднаго “саляравозы” і глыбока ўздыхнулі.
У спецыяльнай калейцы на VAT падышла наша чарга, польскі мытнік хутка праверыў машыну і дакументы, а вось патрэбныя пячаткі ставіў 20 хвілін, але ўсё ж перадаў нас у рукі беларускага. Той, заўважыўшы нейкую падазронасць і, можа, магчымасць адшукаць у нашых асобах злачынцаў, праверыў змесціва багажніка і пад сядзеннямі ды незадаволена адпусціў нас на беларускую зямлю, бо нічога не знайшоў супрацьзаконнага. “Фу! Пранесла!” – стомлена ўздыхнулі мы.
Пасля таго як я правёў палову сутак у машыне, родны ложак мне падаваўся больш родным і прыемным, а праца “саляравоза” – сумнай, нервовай і безнадзейнай. Але кожны выбірае працу паводле свайго таленту і ўласных магчымасцяў, значыцца, у паловы берасцейцаў і жыхароў памежжа генетычна закладзены талент для спекуляцыі. Галоўнае – знайсці, чым спекуляваць. Вось такія высновы.
15.09.2007 г.