Warning: Creating default object from empty value in /var/php54/belarus-live.info/archive/wp-content/plugins/download-monitor/classes/download_taxonomies.class.php on line 169
Варшава – Мінск: непараўнальныя параўнанні | Belarus Live
Знайсці:

Варшава – Мінск: непараўнальныя параўнанні

Павел Белавус

Два сталічныя гарады – Варшаву і Мінск – раздзяляюць толькі 500 кіламетраў, між тым яны разлучаюць Польшчу і Беларусь нават не ў геаграфічных, а хутчэй у геапалітычных аспектах. Паміж краінамі па Заходняму Бугу, па лясах ды лугавых палетках пралягла мяжа Захаду і Усходу, ЕС і зусім не ЕС, дэмакратыі і яшчэ не дэмакратыі, Еўропы і чагосьці падобнага на Еўропу ды, урэшце, вузкай і шырокай чыгуначнай каляіны, якая прымушае дзве начныя гадзіны насельніцтва цягніка «Мінск-Варшава» нервова чакаць дазволу завітаць у той край, дзе, здаецца, нас чакаюць, толькі беражліва не ўсіх туды выпускаюць.
Прынамсі ў мяне, дзякуючы навучальнаму візіту пад назвай «Польшча 89′ – Беларусь 91′: непараўнальныя змены», арганізаванаму Цэнтрам міжнародных стасункаў, пасля тыднёвага наведвання Варшавы ды шматлікіх сустрэчаў з прадстаўнікамі незалежнай грамадскасці і афіцыйных дзяржаўных устаноў, склалася ўражанне, што беларусаў у складзе «адзінай Еўропы» чакаюць. Толькі чакаюць не як чыста вылізаную на вуліцах і ў дварах «квітнеючую» краіну, а як краіну, чыстую ад знявагі і паклёпу, забаронаў і дзікай хлусні, дубінак і грамадскіх страхаў.
Сталічны горад цяжка назваць адлюстраваннем усёй краіны, але ж гэтыя адміністрацыйна прывілеяваныя гарады нясуць на сабе ўвесь цяжар адказнасці за ўспрыманне краіны яе гасцямі.
Для Мінска найлепшым кампліментам ужо стандартна з’яўляецца: «Які ў вас чысты горад!», а вось беларус Саша Рыбак, пасля вяртання ў Беларусь сусветнай зоркай, назваў Мінск наогул самым чыстым горадам Еўропы. Яму лепш бачна, бо ён жа пра Еўропу, гледзячы са Скандынаўскага паўвострава, ведае значна больш, чым сціплыя местачковыя беларусы. А вось галоўную адметнасць Варшавы цяжка вызначыць: можа, гэта чыгунка, што размяшчаецца пад зямлёю і зусім раптоўна выходзіць на паверхню ўжо на ўскрайку горада, а можа, і сучасныя хмарачосы, якія суседнічаюць са сталінскім гігантам – Палацам культуры і навукі, альбо «старувка», што была пасля вайны адноўлена ў першапачатковым выглядзе. А зараз, павольна гуляючы, не можаш і ўявіць, што будынкі гэтай часткі горада пасля ўзнаўлення адзначылі нядаўна толькі паўгоддзе.
Мінск роўненька па коле двухслаёвым нашыйнікам акружылі кальцавыя дарогі, робячы на мапе сярод шматпалосных вуліцаў незаўважнымі тонкія абрысы каналізаванай Свіслачы. Між тым Варшава здаецца неабсяжнай, яе памеры ў рэальным атачэнні, нават не ўзіраючыся на мапу, здаюцца невымяральнымі. Да таго ж рака Вісла падзяляе горад на дзве вялікія часткі, і, знаходзячыся на левым баку ад ракі, бачыш, што правая частка горада – гэта зусім іншы далёкі свет. Часткі горада зусім выпадкова злучаныя паміж сабою сямю варшаўскімі мастамі.
Асабіста для мяне Польшча – гэта краіна гандлю. Першы раз завітаўшы ў гэтую краіну, вельмі здзіўляўся вялізнай колькасці рэкламных шыльдаў пераважна жоўтага колеру з чорнымі надпісамі, якія мільгацелі як у гарадах, так і каля дарог паміж гарадамі. Нават значная частка беларусаў, якія жывуць у памежных гарадах і мястэчках, да ўваходжання Польшчы ў Еўрапейскі саюз тым і зараблялі, што вазілі на продаж цыгарэты, гарэлку, салярку, а прывозілі танныя мясныя вырабы і адзенне. У сучасных умовах варшаўскі дух гандлю, можа, стаў больш цывілізаваным і ўпарадкаваным, але застаўся сваім адметным – з кебабамі, адзідасамі, танным абуткам і стрэлкамі ў кірунку сучасных гіпермаркетаў.
Для беларусаў, якія прыязджаюць у Варшаву, абавязковым пунктам праграмы заўсёды значыцца наведванне гандлёвага цэнтра. Аб’ектыўна, на сённяшні дзень, выбар абутку і адзення ў польскай сталіцы больш разнастайны, чым у Мінску. Кожны беларус заўсёды будзе задаволена казаць, што «тут усё танней, чым у Беларусі». Гэта так толькі таму, што ў Мінску няма добра распрацаванай сістэмы зніжак і акцый з распродажамі. Таму і шукаюць беларусы, бегаючы па варшаўскіх буціках, запаветнае слова «Sale», дзе шматлікія рэчы атрымліваюцца сапраўды таннейшымі, чым у падобных крамах у беларускай сталіцы. Датычыцца гэта і харчавання, але тут дзейнічае ўжо псіхалагічны эфект адчування ўсяго таннага, бо калі гэта 10 злотых, а ў нас дзесяць тысяч рублёў, то адразу ўсе кошты робяцца малымі і лёгка ўспрымальнымі. Такім чынам адчуванне значнасці купюры ў 10 ці 20 злотых губляецца.
Шматлікія палякі, якія бывалі ў Мінску, наадварот, адзначаюць, што кошты ў мінскіх барах і рэстаранах значна меншыя, чым у варшаўскіх, таму параўнанне коштавых паказчыкаў – гэта даволі марная і суб’ектыўная справа.
У Мінску і Варшаве прыблізна жыве па 2 млн. чалавек, што складае 20% ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі і каля 5% у Польшчы. Менавіта гэта і хочацца зазначыць, бо ў Польшчы няма вялікай плыні, якая імкнецца пераехаць жыць менавіта ў Варшаву. Ёсць не горшыя за сталіцу вялікія гарады: Кракаў, Познань, Гданьск. У Беларусі ж адрозненні паміж сталіцай і абласнымі гарадамі значныя. Лепшыя ВНУ краіны, самыя высокія заробкі, перспектыўныя працоўныя пасады, вялікая разнастайнасць месцаў адпачынку – усё гэта сканцэнтравана ў Мінску.
Мінск мае шмат адрозненняў ад Варшавы, тым часам як Варшава значна адрозніваецца ад Берліна, Прагі ці Парыжа, але не трэба забывацца, асабліва беларусам, што аб’ядноўвае гэтыя цудоўныя гарады адна галоўная акалічнасць: усе разам яны складаюць твар адзінага кантынента – Еўропы.


Comments are closed.

-->