Warning: Creating default object from empty value in /var/php54/belarus-live.info/archive/wp-content/plugins/download-monitor/classes/download_taxonomies.class.php on line 169
Польшча 89’ – Беларусь 91’. Нераўназначныя змены: рэформы адукацыі | Belarus Live
Знайсці:

Польшча 89’ – Беларусь 91’. Нераўназначныя змены: рэформы адукацыі

Ліна Новік

Дэмакратычная рэвалюцыя 1989 г. у Польшчы, першая ў сваім родзе ва Ўсходняй Еўропе, стала пачаткам пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця польскай дзяржавы. Перамога над трыма кітамі савецкай мадэлі дзяржаўнага кіравання – палітычнай манаполіяй адной партыі, унітарнасцю дзяржаўнай улады і адзінствам дзяржаўнай уласнасці, патрабавала карэннай перабудовы як трэцяга – грамадскага сектара, так і першага – дзяржаўнага; што ж да сферы прадпрымальніцтва, тую і зусім давялося адбудоўваць з нуля. Усё гэта патрабавала новых кадраў: так або інакш, яны па-ранейшаму «вырашалі ўсё». Менавіта таму адной з найважнейшых, на мой погляд, рэформаў стала адукацыйная.
Пры правядзенні ў Польшчы комплекснай рэформы ўсёй адукацыйнай сістэмы да ўвагі былі прыняты адсутнасць адаптацыйных здольнасцяў дзейснай сістэмы адукацыі да тэмпаў і аб’ёмаў цывілізацыйных і грамадскіх змен, роўных шанцаў у даступнасці адукацыі на кожным яе ўзроўні і нізкі адсоткавы паказчык маладых людзей, якія атрымліваюць сярэднюю і вышэйшую адукацыю, а таксама неадпаведнасць прафесійнага навучання хуткім зменам запатрабаванняў у рынкавай эканоміцы.
Сёння, як вядома, па сканчэнні польскай ВНУ студэнт атрымлівае дыплом, які адпавядае Міжнародным нормам класіфікацыі адукацыі (ISCED). Сама ж адукацыя, ізноў жа еўрапейскага ўзроўню, абыходзіцца значна танней, чым навучанне па аналагічных праграмах, але ў іншых еўрапейскіх краінах. Некаторыя інстытуцыі, дзе навучанне вядзецца на ангельскай мове, выдаюць нават два дыпломы: польскі і брытанскі. Польскія універсітэты папулярныя і сярод замежнікаў: зараз у Польшчы сёмае месца ў сусветным рэйтынгу па колькасці замежных турыстаў – і так атрымалася, на мой погляд, таксама шмат у чым дзякуючы рэформам, распачатым у 1989-м.
З таго часу ў Польшчы з’явіліся шматлікія прыватныя пачатковыя і сярэднія школы – прыходскія, а таксама «публічныя», дзейнасць якіх часткова аплачваецца з ахвяраванняў; з’явілася нават некалькі новых прыватных ВНУ.
Гэты працэс набыў адмысловы размах з 1991 г. Прыватныя ВНУ тады зрабіліся сур’ёзнымі канкурэнтамі дзяржаўных ВНУ, у чым, фактычна, і была галоўная прычына развіцця адукацыі і падвышэння яе якасці. Акрамя таго, гэта падштурхнула муніцыпальныя універсітэты да новай рэформы – па прывядзенні адукацыйных устаноў да стандарту амерыканскага «універсітэта-прадпрыемства».
Рэформы вышэйшай адукацыі ахапілі самыя розныя сферы гэтага працэсу, такія як арганізацыя вышэйшай адукацыі, навуковыя праграмы, кіраванне вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, навуковыя даследаванні. Акрамя таго, у рэалізацыі структуральных зменаў вышэйшай адукацыі ў Польшчы былі выкарыстаныя праграмы, якія ўжо тады ўжываліся ў Еўрапейскім Звязе. Найперш гэта Jean Monett, Tempus, Socrates, Erasmus і Leonardo.
Усе гэтыя крокі на шляху да адукацыі міжнароднага ўзроўню ва ўмовах сучаснай Польшчы дазволілі краіне далучыцца да Балонскага працэсу і стаць часткай адзінай еўрапейскай адукацыйнай прасторы, пасля таго як у 1999 г. міністры адукацыі 29 еўрапейскіх дзяржаў падпісалі так званую Балонскую дэкларацыю.

Нельга сказаць, што для Польшчы працэс далучэння прайшоў лёгка: як і шматлікія іншыя краіны-ўдзельніцы Балонскага працэсу, Польшча зазнала шэраг праблем, такіх як неабходнасць упарадкавання кірункаў навучання, утварэнне другой ступені адукацыі, пытанні суадносінаў паміж першай і другой ступенямі (бакалаўрыятам і магістратурай) і шматлікія іншыя. Аднак у выніку польскія ВНУ атрымалі новыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва з іншымі еўрапейскімі універсітэтамі, магчымасць выпраўляць сваіх студэнтаў і выкладчыкаў за мяжу на некаторы тэрмін у межах так званых праграм мабільнасці, але галоўнае – выдаваць дыпломы еўрапейскага ўзору.
Двума гадамі пазней у Празе да Балонскага працэсу далучыліся чатыры новыя краіны. У 2003 г. на трэцяй канферэнцыі ў Берліне супольнасць удзельніц Балонскага працэсу папоўнілі яшчэ сем краінаў, у тым ліку Расея. Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна далучыліся ў 2005 г. Усяго на сённяшні дзень да Балонскага працэсу далучыліся 46 краінаў – гэта ўсе еўрапейскія дзяржавы, акрамя Беларусі.
На самай справе, дыскусія наконт уключэння беларусаў у еўрапейскія адукацыйныя працэсы пачыналася яшчэ ў 1990-е. Напрыклад, у Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце яшчэ за некалькі гадоў да Балонскай канферэнцыі ў вучэбную практыку былі ўведзеныя некаторыя з прынцыпаў, якіх і ў цяперашнім часе прытрымваюцца універсітэты ў Еўропе.
Досвед ЕГУ быў запатрабаваны і іншымі беларускім інстытутамі. Тым не менш, практычна ўсе распрацоўкі вядучых беларускіх філосафаў і метадолагаў адукацыі і прапановы па своеасаблівай мадэрнізацыі беларускай адукацыйнай сістэмы, якія б дазволілі ёй «састыкавацца» з сістэмай еўрапейскай, былі адхіленыя ўрадам і Міністэрствам адукацыі ўжо пры запуску рэформы адукацыі ў пачатку 1990-х. Лёс ЕГУ таксама добра вядомы. Выступаючы перад студэнтамі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце 23 верасня 2004 г., прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ЕГУ рыхтаваў новую нацыянальную эліту, якая павінна была бы павесці краіну на Захад, а еўрапейская будучыня Беларусі знаходзіцца, такім чынам, у супярэчнасці з планамі прэзідэнта. У ліпені 2004 г. ЕГУ быў пазбаўлены ліцэнзіі, выдадзенай у траўні таго ж года. Пасля змушанага спынення дзейнасці былыя супрацоўнікі, выкладчыкі і студэнты ЕГУ зазналі напад з боку беларускіх уладаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. З палітычнай, арганізацыйнай і фінансавай дапамогай літоўскага ўраду, Еўрапейскай камісіі, Рады міністраў Паўночных краін, Фонда Макартураў, Карпарацыі Карнегі (Нью-Ёрк), Інстытута «Адкрытае грамадства», Амерыканскіх рад па міжнароднай адукацыі, Фонда «Еўразія», а таксама ўрадаў Бельгіі, Германіі, Фінляндыі, Ірландыі, Люксембурга, Нарвегіі, Швецыі і ЗША універсітэт змог аднавіць сваю дзейнасць у Вільні. Ён і зараз працягвае сваю дзейнасць, рыхтуе бакалаўраў і магістраў, бярэ ўдзел у навуковым жыцці рэгіёну – але ўжо на тэрыторыі Літвы і ад імя прыватнага літоўскага універсітэта.
Магчымасць далучэння Беларусі да Балонскага працэсу абмяркоўвалася ўжо не аднаразова, але ніякага пэўнага афіцыйнага рашэння на дзяржаўным узроўні прынята так і не было. У розныя часы ў беларускіх універсітэтах былі ўкаранёныя розныя еўрапейскія элементы – дзесяцібальная сістэма адзнакі, крэдытныя сістэмы і мадэль «двухпрыступкавай» адукацыі «бакалаўр – магістр», рэйтынгі, цэнтралізаванае тэставанне як форма адзінага ўступнага іспыту ў беларускія ВНУ і нават дванаццацігадовая сістэма школьнага навучання як неабходны элемент забеспячэння якаснай падрыхтоўкі будучых студэнтаў. Аднак, як ні дзіўна, усё гэтыя «заходнія навінкі» прымаліся толькі таму, што яны могуць існаваць ва ўмовах савецкай школы («Мы прымаем усё добрае, што было ў савецкай сістэме адукацыі, а таксама вельмі разважна – некаторыя элементы еўрапейскай», – неяк заўважыў Уладзімір Здановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў), а таму аблічча беларускай вышэйшай адукацыі ў перыяд з 1991 г. і да цяперашняга моманту практычна не змянілася. Увесці сістэму крэдытаў і 10- або 100-бальную сістэму адзнакаў недастаткова для таго, каб стаць еўрапейскай установай: адной з галоўных умоў Балонскага працэсу з’яўляецца дэмакратызацыя адукацыі, якая ўсё яшчэ застаецца немагчымай у беларускіх універсітэтах.

Яшчэ некалькі гадоў таму далучэнне да Балонскага працэсу магло разглядацца беларускім урадам як палітычны інструмент, спосаб пачаць дыялог з Еўропай. Аднак цяпер гэта ўжо неактуальна. Але нягледзячы на ўсё вышэйсказанае, Беларусь не можа, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, так і існаваць у ізаляцыі ад яе. Доказ гэтаму хаця б у тым, што сярод выпускнікоў беларускіх школ усё папулярней еўрапейскія універсітэты, у прыватнасці – польскія. А гэта значыць, што праз некалькі гадоў у краіне будзе існаваць самавітая супольнасць выпускнікоў еўрапейскіх ВНУ, з уяўленнем пра еўрапейскую адукацыю, пра яе слабыя і моцныя бакі і з разуменнем механізмаў яе дзеяння – а гэтага ўжо дастаткова, каб укараніць гэтыя механізмы і ў Беларусі. Вядома, калі Беларусі гэта спатрэбіцца.


Comments are closed.

-->