Warning: Creating default object from empty value in /var/php54/belarus-live.info/archive/wp-content/plugins/download-monitor/classes/download_taxonomies.class.php on line 169
Турыстычныя перспектывы Беларусі. Польскі досвед | Belarus Live
Знайсці:

Турыстычныя перспектывы Беларусі. Польскі досвед

Ліна Новік

Раней, калі даводзілася чуць пра «перспектывы беларускага турызму», мне, шчыра кажучы, рабілася смешна: што б там не казалі, ні мора, ні гор у нашых бярозках не дадасца. Калі побач такія суседзі, як Польшча, ці Літва, ці хаця б Украіна – хто да нас завітае? На так званыя аграсядзібы, на якія практычна ўскладзеная місія развіцця турыстычнай сферы, я асаблівых надзеяў не мела, пакуль мне неяк папулярна не патлумачылі, што беларусам таксама трэба хаця б зрэдку адпачываць…

А яшчэ трохі пазней я даведалася, што ў суседняй Польшчы, дзе і мора, і горы, і «зорныя» гатэлі, і ажно дзесяць (!) гарадоў у спісе сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, адзін з чатырох асноўных напрамкаў развіцця нацыянальнага турызму – менавіта агратурызм. І развіваецца ён трохі больш, чым паспяхова: зараз турызм займае трэцяе месца ў спісе самых паспяховых у фінансавым плане сфераў дзейнасці ў Польскай Рэспублікі, ён прыносіць дзяржаве нават больш грошай, чым здабыча вуглю.

Справа, па-першае, у тым, што менавіта турызм зазнаў найбольшую колькасць зменаў з уступленнем Польшчы ў склад Еўрапейскага Саюза пяць гадоў таму, а таксама, зразумела, спецыялісты па турызме як ніхто іншы адчулі на сабе далучэнне краіны да Шэнгенскай прасторы напрыканцы 2007 года.

Мяжа Еўрасаюза фактычна перамясцілася на ўсходняю мяжу Польшчы. Натуральна, роля Польшчы як дзяржавы на скрыжаванні шляхоў і цывілізацый значна павялічылася, а з ёй павялічылася і адказнасць за захаванасць межаў. Тым не менш Польшча годна спраўляецца з памежным кантролем над перасоўваннем людзей і тавараў і засталася адкрытай для наведвальнікаў з усіх куткоў свету.

Не дзіўна, што з адкрыццём межаў самыя слабыя тураператары Польшчы былі вымушаны выйсці з гульні. Тым не менш тыя, што засталіся, атрымалі годную ўзнагароду – у рэкордныя часы яны наладзілі кантакты з заходнімі тураператарамі і нарэшце пашырылі рынак збыту паслугаў. Вядома, давялося шмат што перарабляць, але польскія спецыялісты па турызме хутка зарыентаваліся ў новых для сябе ўмовах і пачалі пераймаць досвед сваіх заходніх калегаў, абачліва рэагуючы на ўсе заўвагі Еўропы.

Так з’явілася вузкая спецыялізацыя асобных агенцтваў – фактычна падзел працы і, калі жадаеце, сфераў уплыву. Крок, можа, і неадназначны, але якасць паслугаў адразу палепшылася. Сваю ролю ў гэтым адыгралі і спецыяльныя праграмы па развіцці турызму – у прыватнасці, гэта праграмы «Турын-1» і «Турын-2». Яны, па-першае, забяспечылі неабходнае фінансаванне, а па-другое, у іх межах, можна сказаць, быў складзены план дзеянняў па развіцці турызму – напрыклад, за якія галіны брацца ў першую чаргу і што з імі рабіць.

Як ні дзіўна, надзеі былі ўскладзены і на агра- і сентыментальны турызм, то бок на тыя напрамкі, якія зацікавяць у першую чаргу менавіта жыхароў Польшчы ці польскіх эмігрантаў (нагадаю, што на сэнтыментальны турызм і робяць стаўку беларусія тураператары). Справа ў тым, што, хаця ў параўнанні з Беларуссю Польшча – турыстычны рай, з Грэцыяй альбо Швейцарыяй ёй спаборнічаць даволі цяжка. Нават не таму, што там якасць паслугаў вышэй  (палякі якраз, як сапраўдныя максімалісты, зараз арыентуюцца на самыя высокія еўрастандарты),  і ўжо тым больш не таму, што вандроўка туды жыхару трэцяй краіны абыдзецца танней, чым у Польшчу – хутчэй наадварот. Але тады чаму?

Справа ў тым, што, нягледзячы на вялізарныя поспехі ў развіцці, Польшча пакуль не настолькі добра вядомы турыстычны напрамак (у параўнанні з тымі ж Грэцыяй ці Швейцарыяй). Але што тады казаць пра Беларусь – тэра інкогніта?

І прычына, быццам, зразумела: калі няма грошай, то грошай няма. Але, па-першае, на аграсядзібы, якія, паўтаруся, закліканыя падняць беларускі турызм з небыцця, грошай быццам бы і не трэба шмат… А па-другое, нават калі яны зваляцца на нашу светлую ва ўсіх сэнсах гэтага слова беларускую галаву, то і выкарыстоўваць іх варта думаючы. Паводле словаў Дарыюша Войтала з Польскай палаты па турызме, турызм – гэта, па-першае, выява – «image». І калі на сустрэчы з Дарыюшам я заікнулася пра агратурызм у Беларусі, ён параіў пачынаць не з домікаў, але з вэб-сайтаў. Акрамя жартаў.

Польскі турызм у лічбах

Дзве гадзіны зойме пералёт Парыж-Варшава альбо Лондан-Варшава; пералёт Берлін-Варшава – у два разы менш.
У Польшчы 1,5 мільёна гатэльных месцаў, тысячы рэстарацый, сотні месцаў баўлення вольнага часу.
94 % польскай тэрыторыі ахоплена сеткаю сотавай сувязі.
Польшча займае 8-е месца ў Еўропе па колькасці банкаматаў і 7-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў.


Comments are closed.

-->