Крэсы нашы цяжкія
Франц Чарнышэвіч
Гістарычны досвед нацыі – цікавая рэч. Без яго немагчыма збудаваць нацыянальную ідэнтычнасць, асэнсаваць сваё месца і прызначэнне ў часе і прасторы, адначасова гэты досвед можа стаць крыніцай шматлікіх фобій, якія могуць істотна абмежаваць нацыі магчымасці для далейшага развіцця. Беларусы ў гэтым выпадку зусім не выключэнне з правілаў.
Страх уласцівы чалавечай істоце, а значыць, і супольнасцям, у якія аб’ядноўваюцца людзі. Боязь страты назапашаных за доўгія гады рэсурсаў альбо страх быць пазбаўленым сваёй ідэнтычнасці праз чужынцаў спараджаюць у грамадскай свядомасці цэлы шэраг прывідаў, шмат з якіх, як тыя шкілеты ў шафе, хаваліся ў тым самым гістарычным досведзе, бо памяць пра некаторыя пагрозы перадаецца ад пакалення да пакалення.
Некаторыя фобіі ўласцівыя толькі пэўным групам насельніцтва, іншыя працінаюць усе слаі грамадства. Адзін з такіх нашых доўгаграючых агульнанацыянальных прывідаў – «польскае пытанне». На паланафобію хварэюць не толькі лаяльныя да ўлады масквацэнтрычныя славянафілы-ўсходнікі, але і пэўная частка незалежнага грамадства, нават тыя, хто належыць да кола праеўрапейскіх прыхільнікаў беларушчыны і перыядычна карыстаецца дапамогай з польскіх крыніцаў. Змаганне за незалежную еўрапейскую Беларусь дзіўным чынам не замінае ім час ад часу нагадваць сабе і паплечнікам пра «польскую інтрыгу». Недасведчанаму наведвальніку шматлікіх інтэрнэт-форумаў часам можа падацца, што прывід маршалка Пілсудскага лунае недзе побач.
Не мы першыя і не мы апошнія праходзім праз выпрабаванне сваімі суседзямі. Падчас чытання некаторых каментароў у сеціве ўзгадваецца славуты сапёр Водзічка з бессмяротнага раману Гашэка з яго кароннай фразай: «Зусім ты не знаешся, брат, на мадзьярах, колькі разоў я табе гаварыў! З імі трэба вуха трымаць востра». У межах Аўстра-Венгерскай манархіі такое стаўленне да вугорцаў было ўласцівае і для нацыяналістаў-младачэхаў, і для тых, хто шторанку з задавальненнем чытаў «сучку» (так звалася ў народзе галоўная афіцыйная газета імперыі). Тая фобія, між іншым, знікла пасля ўтварэння чэхамі ўласнай дзяржавы – у адрозненне ад паланафобіі, якая працягвае захламляць мазгі нашым грамадзянам пасля 1991 года.
А ці насамрэч палітычныя эліты і паспалітыя грамадзяне Польшчы выношваюць падступныя планы вяртання сваіх былых «крэсаў», нават пасля далучэння да адзінай Еўропы? Падчас нядаўняй сустрэчы беларускіх журналістаў, пераможцаў конкурсу «Польшча 89′ – Беларусь 91′: нераўназначныя змены», зладжанай варшаўскім Цэнтрам міжнародных стасункаў (CSM), такое пытанне – з пэўнай доляй іроніі – гучала неаднаразова. І таксама неаднаразова гучаў адказ: сітуацыя выглядае іначай, чым яна бачыцца нам з-за ўсходняй мяжы. Сэнтыменты сэнтыментамі, аднак гэта не больш чым проста размовы: большасць палякаў – простых абывацеляў, палітыкаў, бізнэсоўцаў – свядома арыентаваныя на Захад, а не на Ўсход.
Пэўную ролю адыгрывае таксама гістарычная недасведчанасць маладога пакалення, таго самага пакалення, якому праз 15–20 гадоў будзе належаць краіна. Паводле словаў Марка Астроўскага, аднаго з рэдактараў уплывовага польскага штотыднёвіка «Палітыка», калі выйсці на вуліцы Варшавы альбо якога правінцыяльнага Пацанова і запытацца пра Беларусь і яе гістарычную сувязь с Польшчай, то колькасць абазнаных у гэтым пытанні маладзёнаў можна будзе падлічыць на пальцах.
Паводле словаў тых жа журналістаў «Палітыкі», рух палякаў на Захад у апошнія гады набывае проста паспаліты характар. Гэта не толькі міграцыя ў Брытанію, ЗША або Ірландыю. Польскія грамадзяне літаральна акупуюць памежныя нямецкія дэпрэсіўныя рэгіёны, з якіх у заходнюю частку краіны паўцякала ў некаторых раёнах да 40 адсоткаў працаздольнага насельніцтва. Ну якія там «крэсы», калі ў былых ГДРаўскіх мястэчках можна набыць ахайны нямецкі дамок з кветачкамі па кошце аднапакаёўкі ва Ўроцлаве ці Еленяй Гуры? А месцы шчаслівых уладальнікаў нямецкай нерухомасці займаюць няўдахі з-пад «усходняй сцяны» – так палякі называюць мяжу з Украінай і Беларуссю. Нашыя Брэст і Гродна не маюць нават тэарэтычных перспектыў на якую-колечы міграцыю з Польшчы.
Ампутаваныя ногі і рукі, зразумела, баляць пасля таго, як адпускае наркоз, але ж боль з часам сціхае, і вось нарэшце наступае момант, калі чалавек у пэўны момант забываецца пра адсутнасць той ці іншай канечнасці. Палякам ужо не баліць тая страта, акрамя хіба радыкалаў з маргінальнай Лігі польскіх сем’яў ды сталых слухачоў ультракансэрватыўнага «Радыё Марыі». Таму калі б наша краіна спрасціла для іх да максімуму візавы ды гандлёвы рэжымы, то ніякай «паўзучай экспансіі» на нашыя заходнія вобласці не атрымалася б. А вось з прыбыткам былі б усе. Мясцовыя бюджэты папоўніліся б за кошт настальгічнага і дзелавога турызму, якому менавіта візавы рэжым і замінае. Для паляка, які ўжо забыўся на тое, што падарожжа за мяжу азначае атрыманне візы, адна думка пра паход у беларускую амбасаду адбівае ўсялякую ахвоту выправіцца ў наш бок.
Кожнае чарговае наведванне Польшчы ўзмацняе маё перакананне, што паланафобія – гэта хвароба, ад якой мы, беларусы, церпім цалкам марна, таму што насамрэч нам даўно няма чаго баяцца суворага дзядзькі з вусамі ў чатырохвугольнай фуражцы. Кропкі над «і» ў нашых узаемных з Польшчай адносінах даўно расстаўлены. Яны ставіліся на працягу ўсёй нашай сумеснай гісторыі, часам – узаемнай крывёй і нянавісцю, часам – непаразуменнем і нежаданнем слухаць адзін аднаго. Магчыма, гэты перыяд абмінуць было нельга. Кожная нацыя, калі паўстае, супрацьпастаўляе сябе суседнім народам згодна з формулай «мы – не яны, яны – не мы, дык хто мы?». Беларусы ведаюць, што яны не палякі і ніколі імі не стануць. Дык дзеля чаго мы працягваем пакутаваць?
Досвед продкаў забяспечыў беларусу добрую прышчэпку ад паланізацыі. Варта прыглядзецца да таго, як ставяцца да гэтага нашыя землякі з Беласточчыны, у якіх нашмат больш прычынаў баяцца страты сваёй ідэнтычнасці. Цікавы факт: падчас апошняга попісу насельцтва ў Польшчы адна грамадская арганізацыя звярнулася з заклікам да прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў запісвацца наступным чынам: «Я украінец – я паляк, я беларус – я паляк, я габрэй – я паляк і г.д.». Шмат хто пагадзіўся, адмовіліся адно беларусы. Адказ быў просты: «Мы гэта ўжо праходзілі», бо формула «gente Lituanus, natione polonus» вядомая беларусам яшчэ з часоў караля Станіслава Панятоўскага.
Відаць, маюць рацыю тыя, хто кажа пра ролю фобій у падтрыманні наяўных у грамадстве інстытутаў і каштоўнасцяў. Расейскі сацыёлаг Гудкоў сцвярджае, што «страх у гэтым выпадку становіцца адным з праяваў больш агульнага механізму негатыўнай ідэнтыфікацыі, сведчаннем упэўненасці ў тым, што нармалёвае жыццё толькі часткова падкантрольна індывіду, што яно можа быць значна горш, чым зараз». Страх перад зманлівай непрадказальнай Прышласцю выклікае жаданне падтрымліваць таго, хто забяспечыць табе перад яе негатыўнымі наступствамі моцную дзяржаву, імператара, «айца народаў» і г.д. Таму жыццяздольнасць беларускай сацыяльнай мадэлі немагчымая без існавання шматлікіх фобій. Знікне страх – знікне і патрэба ў дзяржаўным патранаце. Таму і старалася савецкая (і не толькі) прапаганда падтрымліваць гістарычныя страхі беларусаў на належным узроўні, каб ведалі, хто ў стане абараніць іх ад верагодных «крыважэрных захопнікаў».
Што да палякаў… Мы – не яны, яны – не мы. Кропка пастаўленая. Перазагрузка адносінаў непазбежная. Трэба толькі быць гатовымі да яе ды не сапсаваць момант няўклюднымі фобіямі, бо чым іх менш, тым больш мы нацыя.