Warning: Creating default object from empty value in /var/php54/belarus-live.info/archive/wp-content/plugins/download-monitor/classes/download_taxonomies.class.php on line 169
Як пачуваецца Польшча ў Эўразьвязе? | Belarus Live
Знайсці:

Як пачуваецца Польшча ў Эўразьвязе?

Юры Дракахруст

Чаго палякі баяліся найбольш перад уступленьнем у Эўразьвяз і што з гэтага спраўдзілася?

Быў вялікі страх, што адкрыцьцё рынку, скасаваньне мытнай мяжы прывядзе да катастрофы польскай сельскай гаспадаркі, краіну захлынуць танныя заходнеэўрапейскія прадукты, немцы скупяць зямлю, і польскаму фэрмэрству прыйдзе канец. І гэтыя перасьцярогі мелі выразнае палітычнае вымярэньне. Адзін зь лідэраў Сялянскай партыі Яраслаў Камінскі распавёў, як шмат згубіла тады партыя, адстойваючы далучэньне да Эўразьвязу, ідучы насуперак агульным настроям свайго электарату.

Магчыма, палякі былі б гатовыя пайсьці на такія ахвяры, бо для іх далучэньне да Эўразьвязу было цывілізацыйным выбарам, які даражэй за грошы. У рэшце рэшт, ня ўся ж Польшча ў вёсцы жыве.

Але замест ахвяры атрымаўся прыз – даволі рэдкая зьява ў польскай гісторыі.

Хто ў выніку выйграў ад далучэньня да Эўразьвязу найбольш, дык гэта менавіта польскія фэрмэры. Іх даходы ня зьменшыліся, а ўзрасьлі, прычым палову гэтых даходаў складаюць выплаты з агульнаэўрапейскіх фондаў.

Выйграла і польская сельская гаспадарка як галіна: калі да 2004 году сальда гандлю сельгаспрадуктамі з краінамі Эўразьвязу было ў Польшчы адмоўным, дык пасьля ўступленьня стала станоўчым. Фігуральна кажучы, ня Зьвяз заваліў Польшчу прадуктамі, а Польшча – Зьвяз.

Чаму так атрымалася? Адно з тлумачэньняў палягае ў тым, што сельская гаспадарка – самая зарэгуляваная галіна эўрапейскай гаспадаркі, палова ўсяго супольнага бюджэту Зьвязу ідзе на яе падтрымку. У гэтым сэнсе добрыя паказьнікі сельскай гаспадаркі той ці іншай краіны – вынік ня толькі (а можа, і ня столькі) эфэктыўнасьці працы фэрмэраў, колькі эфэктыўнасьці працы яе чыноўнікаў па выбіваньні з Брусэлю аграрных датацыяў. У гэтым сэнсе польскія чыноўнікі як мінімум паказалі сябе даволі эфэктыўнымі.

Але, зразумела, ня толькі яны. Усё ж польская сельская гаспадарка ўжывае менш хіміі, прадукты смачнейшыя, па меншай меры для саміх палякаў, так што выцісканьня з рынку айчыннай прадукцыі не адбылося.

Яшчэ адна перасьцярога таксама мела палітычную подбіўку. Як распавёў рэдактар часопісу «Politika» Марэк Астроўскі, перад уступленьнем у Эўразьвяз быў страх, што, калі адкрыюцца межы, немцы з памежжа пачнуць купляць нерухомасьць у Заходняй Польшчы, нямецкі капітал возьме рэгіён пад кантроль. Паколькі абставіны, пры якіх Польшча атрымала свае заходнія землі, агульнавядомыя, то ўяўленьне малявала ня самыя прыгожыя карціны.

І што ж атрымалася ў выніку? З дакладнасьцю да наадварот – польская экспансія на ўсход Нямеччыны. Справа ў тым, што гэты рэгіён Нямеччыны – даволі дэпрэсіўны, шмат людзей, асабліва моладзі, даўно зьехалі адтуль у заходнія рэгіёны краіны. І зараз на іх месца прыяжджаюць палякі. Дом у нямецкім горадзе на мяжы з Польшчай каштуе столькі ж, колькі аднапакаёўка ў Шчэціне. У выніку шмат палякаў, у тым ліку і моладзі, жывуць у Нямеччыне і езьдзяць на працу ў Польшчу.

Гэтыя эпізоды сьведчаць пра тое, што, так бы мовіць, Эўразьвяз – гэта ня так страшна, што многія страхі і забабоны аказваюцца цалкам марнымі, што краіна, якая далучаецца да Зьвязу, атрымлівае цалкам нечаканыя бонусы.

Але калі паглядзець у цэлым (былі гэта адзінкавыя прарывы ці агульная тэндэнцыя), які агульны вынік?
Што дало Польшчы сяброўства ў Эўразьвязе?

На макраўзроўні бонусы ад эўраінтэграцыі аказваюцца таксама даволі пераканаўчымі. Супрацоўнік урадавага камітэту эўраінтэграцыі Ігнацій Немчыцкі азнаёміў беларускіх журналістаў зь некаторымі лічбамі.

Тэмпы росту ВУП у Польшчы і ў краінах ЭЗ у сярэднім
2002    2003    2004    2005    2006    2007    2008
Польшча     1,4     3,9     5,3     3,6     6,2     6,6     4,5
Эўразьвяз      1,2     1,2     2,3     1,8    2,9    2,7     0,7

Як бачым, польская эканоміка дэманструе добрую дынаміку, тэмпы яе росту пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз ня зьнізіліся, польская эканоміка разьвіваецца хутчэй, чым Зьвяз у сярэднім.

Лічба ў апошнім слупку, а таксама дадзеныя па 2009 годзе сьведчаць пра ўнікальную зьяву – Польша пацярпела ад крызысу хіба не найменш за ўсе краіны Эўразьвязу, яе эканоміка пачувае сябе лепш за эканомікі як краінаў Заходняй Эўропы, гэтак Летувы і Латвіі.

Паводле польскіх экспэртаў, польская эканоміка была менш арыентаваная на экспарт, а больш на ўнутраны попыт. Калі экспартныя магчымасьці ва ўсім сьвеце драматычна скараціліся, Польшчу страсянула менш, чым арыентаваных на экспарт усходнеэўрапейскіх «цмокаў».

З 2003 году па 2008 год удвая (з 20% да 10%) у Польшчы скарацілася беспрацоўе. Прычым размова ідзе пра людзей, якія маюць і знайшлі працу ў самой Польшчы. Шмат народу – каля двух мільёнаў – працуюць за мяжой, пераважна ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне і Ірляндыі. Гэта, з аднаго боку, зьява неабавязкова кепская, а з другога боку, з улікам колькасьці насельніцтва, паказчык сувымерны зь беларускай працоўнай эміграцыяй.

Гледзячы на Брусэль

Тое, што многія польскія страхі ад уступленьня ў ЭЗ ня спраўдзіліся, імклівы рост дабрабыту знайшлі адлюстраваньне ў зьмене стаўленьня палякаў да сяброўства ў Эўразьвязе, зафіксаванай у сацыялягічных апытаньнях.

Стаўленьне грамадзства да сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе
2004     2007     2008
За    49%    80%     73%
Супраць    30%     10%     10%

Калі ў год уступленьня Польшчы ў Зьвяз за яго была толькі адносная, хаця і пераканаўчая большасьць, зараз станоўча ацэньвае сяброўства краіны ў Зьвязе большасьць абсалютная і пераважная. Большая, дарэчы, чым у Эўразьвязе ў сярэднім — па ўсіх 27 краінах сваім сяброўствам у Зьвязе задаволеныя 60% насельніцтва.

Пяцігадовае сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе мяняе ня толькі польскую эканоміку, але й палітыку, а дакладней, палітычную філязофію палякаў. Слухаючы сваіх польскіх суразмоўцаў, я ўвесь час зьвяртаў увагу на дзіўны і ў чымсьці нават камічны кантраст паміж Польшчай і Беларусьсю. Гаворачы наконт амаль любога пытаньня замежнай палітыкі, суразмоўцы абавязкова ўзгадвалі Брусэль. Прычым Брусэль не як нейкі цэнтар, адкуль паступаюць загады, а як пляцоўку, дзе трэба ўзгадняць важныя рашэньні. Справа ў тым, што зараз Брусэль — гэта і Варшава таксама, але ня толькі Варшава.

Пры гэтым, як шчыра прызнаваліся суразмоўцы, польскі інтарэс, польскі гарызонт замежнай палітыкі – гэта ўсё ж збольшага Эўропа. Што тычыцца глябальнай палітыкі, то тут Польшча глядзіць на сьвет у значнай ступені нямецкімі і францускімі, а таксама амэрыканскімі вачыма.

Ня тое, што «шматвэктарная» Беларусь — Расея, Вэнэсуэла, Кітай, Індыя, Судан, Лібія, Італія, Летува, Азэрбайджан. Дзяржава глябальнага мысьленьня і глябальнай палітыкі, гэткі Савецкі Саюз у мініятуры. Ці ў карыкатуры.

Што лепш – адказ залежыць, відаць, ад густу. Якія такія выйгрышы атрымлівае Беларусь ад гойсаньня яе няўрымсьлівага кіраўніка па ўсёй зямной кулі і ад яго бліскучага замежнапалітычнага блефу — пытаньне спрэчнае. Але размовы з польскімі калегамі даюць уяўленьне пра кансэнсусную культуру прыняцьця рашэньняў у Эўразьвязе.

Напрыклад, зараз польская дыпляматыя даволі шчыльна працуе з краінамі Магрыбу: Алжырам, Марока, Тунісам. Чаму і навошта? Таму што менавіта на іх накіраваная француская ініцыятыва рэгіянальнага супрацоўніцтва. І каб атрымаць згоду Парыжу на польскую ініцыятыву «Ўсходняга партнэрства», даводзіцца дагаджаць Францыі ў Паўночнай Афрыцы.

У гэтым, дарэчы, часткова палягае і тлумачэньне, чаму Эўропа з такім энтузіязмам падтрымала новую палітыку адносна Беларусі: калі мэханізм выпрацоўкі палітыкі настолькі складаны і патрабуе вялікай колькасьці «абменаў інтарэсаў», выразная палітыка, якая прадугледжвае рашучасьць і гатоўнасьць ахвяраваць эканамічнымі інтарэсамі, выглядае проста малаімавернай.

Але нечаканасьці бываюць ня толькі прыемнымі.


Comments are closed.

-->