Расследаванне – Belarus-Live http://belarus-live.info Навіны Беларусі Tue, 08 Mar 2016 02:15:48 +0000 be-BY hourly 1 https://wordpress.org/?v=4.4.1 http://belarus-live.info/wp-content/uploads/2014/12/favicon.png Расследаванне – Belarus-Live http://belarus-live.info 32 32 Не хапае 200 тысяч долараў http://belarus-live.info/?p=53 http://belarus-live.info/?p=53#respond Tue, 08 Mar 2016 01:34:03 +0000 http://belarus-live.info/?p=53

Чаму ў Беларусі так марудна ідзе будаўніцтва новага корпуса дзіцячага хоспіса?

У сталічным грамадскім транспарце з’явілася незвычайная сацыяльная рэклама. Каляровая абвестка паведамляе цікавы факт: калі 4% жыхароў Мінска ахвяруюць па сто тысяч рублёў, то ўжо ў 2016 годзе будзе завершана будаўніцтва Беларускага дзіцячага хоспіса ў Бараўлянах… Але ж распачалося будаўніцтва чатыры гады таму. Чаму не атрымліваецца сабраць неабходныя сродкі і як вынік – невылечна хворыя дзеткі месцяцца ў старым будынку рэабілітацыйнага цэнтра?
Каб разабрацца ў гэтым няпростым пытанні, журналіст “Народнай Волі” дамовілася на сустрэчу
з заснавальніцай і дырэктарам Беларускага дзіцячага хоспіса Ганнай Гарчаковай.

Дом надзеі

Хоспіс месціцца ў пасёлку Бараўляны сярод звычайных катэджаў. Гэта памяшканне на вуліцы Бярозавы гай Ганна Гарчакова набыла на спонсарскія сродкі 20 гадоў таму.

– Вярнуўшыся з Швейцарыі, дзе ў 1990-х па грантавай праграме атрымлівала вышэйшую адукацыю клінічнага псіхолага, я не думала, што буду займацца гэтай справай, – расказвае Ганна Георгіеўна. – У маім жыцці ўсё адбываецца спантанна! Звычайна кажуць, што хоспіс – апошняе месца перад смерцю, але я мела мэту зрабіць яго домам надзеі для маленькіх пацыентаў і падтрымкі для іх сем’яў. У тыя часы, дый цяпер, гэта гучыць даволі амбіцыёзна, бо ў грамадстве дамінуе меркаванне: тут паміраюць.

Ганна – чалавек моцнай энергетыкі, які выпраменьвае ўпэўненасць і разам з тым скарае сваёй далікатнасцю. Менавіта таму, калі іншыя людзі губляюцца ў роспачы, яна не баіцца глядзець у вочы бацькам, якія могуць у любы момант страціць сваё дзіця. Ёсць моманты, калі трымаць сябе ў руках цяжка.

Ганна Гарчакова кажа:
– Мы любім усіх дзяцей, зразумела. Але гісторыю аднаго 17-гадовага хлопца з анкалогіяй я запомню назаўжды. Ён зрабіў усё: развітаўся з сябрамі, з бацькамі, а смерць не наступала. Тады ён паклікаў мяне і сказаў словы, якія я ніколі не забуду: “Вы не папярэджвалі, што гэта будзе так доўга…”

Сёння ў Беларускім дзіцячым хоспісе працуюць 32 спецыялісты, сярод іх – высокапрафесійныя медыкі, псіхолагі, педагогі. Велізарны ўнёсак робяць і валанцёры. Аднак, паводле слоў кіраўніцы праекта, “на адной валанцёрскай справе вытрымаць складана – неабходны сапраўдныя прафесіяналы”.

Ідэя хоспіса – аказанне паліятыўнай (комплекснай) дапамогі хворым, уключаючы псіхалагічную і духоўную асістэнцыю, – папулярна ў вядучых клініках свету. На жаль, беларускіх студэнтаў медыцынскіх універсітэтаў не вучаць працаваць “у плыні паліятыву”. Сама Ганна праходзіла шматлікія стажыроўкі за мяжой.

Яна кажа, што “спачатку думала, што паліятыў – гэта дапамагаць людзям памерці, але пасля зразумела: з маленькім пацыентам трэба перш за ўсё пасябраваць”. Жанчына пры-знаецца: самая складаная частка працы – зрабіць так, каб сем’і дзяцей прынялі сваё становішча, палюбілі сваіх хворых дзетак. У хоспісе займаюцца не толькі анкалагічнымі хворымі. Увогуле анкалогія, паводле слоў Ганны, сустракаецца даволі рэдка ў параўнанні з цяжкімі дыягназамі кшталту ДЦП і захворванняў цэнтральнай нервовай сістэмы. Такія дзеткі могуць жыць адносна доўга – 5, 10 год, і задача спецыялістаў хоспіса зрабіць усё магчымае, а часам і немагчымае, каб палепшыць якасць іх жыцця. Але дапамагчы атрымліваецца толькі 10 працэнтам тых, каму такая спагада неабходна. Сёння ў Беларусі каля 3000 дзяцей маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, а адзіны ў краіне дзіцячы хоспіс можа дапамагчы толькі 250 дзеткам у год.
Не без добрых людзей

У 2010 годзе Ганна Гарчакова накіравала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, бо вельмі востра стаяла пытанне аб будаўніцтве новага корпуса хоспіса. Натуральна, у старым будынку месцаў не хапала: бацькі запісваліся за месяцы, сотні дзяцей чакалі ў чарзе. Дый катэдж хоць і камфартабельны будынак, але нязручны як медыцынская ўстанова.
– Я не спадзявалася, што нам дадуць станоўчы адказ. Але неўзабаве просьба была задаволена, у верасні 2011 года нам далі зямельны ўчастак, і, шчыра кажучы, я была здзіўлена. Варыянт быў цудоўны – 0,9 гектара зямлі побач з Беларускім РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, – распавядае Ганна.

Адразу пасля атрымання ўчастка і афармлення дакументаў пачаўся збор сродкаў. Знайшліся неабыякавыя да чужой бяды беларусы. Напрыклад, аўтазаправачная кампанія “А-100” ахвяравала самую вялікую суму – 200 тысяч долараў. Пералічылі грошы на рахунак хоспіса завод “Атлант”, мабільны аператар Velcom, швейцарскія дабрачынныя фонды, фізічныя асобы. Некаторыя людзі перадавалі грошы ананімна. Ганна расказвае кранальную гісторыю: напярэдадні зімовых святаў у хоспіс прыйшоў ліст ад Дзеда Мароза. Адкрылі, а ўнутры – 50 мільёнаў рублёў… Дарэчы, кампанія Velcom прапаноўвае ўсім сваім кліентам уключыцца ў дабрачынную справу – кожны абанент Velcom можа накіраваць sms-паведамленне альбо патэлефанаваць на кароткі нумар 2015 і такім чынам ахваряваць 10 тысяч беларускіх рублёў дзіцячаму хоспісу. Зараз прыйшло больш за 15 тысяч sms і тэлефанаванняў.

– Міністэрства аховы здароўя, іншыя дзяржструктуры ставіліся да нас цудоўна, ніякіх праблем не было, – адзначае Ганна. – Ведаеце, ні ў адной краіне свету хоспісы не будуюцца за дзяржаўныя сродкі. Іншая справа, што часам спрацоўваў чалавечы фактар: падчас будаўніцтва новага корпуса нас часта “кідалі” нядобрасумленныя падрадчыкі, праекціроўшчыкі… Адным словам, давялося пахвалявацца.

Такім чынам, сёння супрацоўнікі хоспіса застаюцца працаваць у старым памяшканні, якое знаходзіцца амаль што ў сутарэнні будынка. Зімой там вельмі холадна, многія пачынаюць дрэнна сябе адчуваць. На другім паверсе – тры палаты, у кожнай з якіх адначасова ляжаць некалькі дзетак.

– Па норме, прынятай у замежных клініках, у адной палаце можа быць толькі адзін чалавек, – заўважае Ганна.
Беларускаму дзіцячаму хоспісу неабходна як мінімум 200.000 долараў, каб новы корпус быў канчаткова пабудаваны. Там плануецца стварыць адукацыйны цэнтр для медыкаў-практыкантаў, 10 палат для цяжкіх хворых, канферэнц-пляцоўку, куды будуць запрашацца высокакваліфікаваныя спецыялісты з усяго свету.

Хоспіс заклікае ўсіх неабыякавых беларусаў паўдзельнічаць у дабрачыннай ініцыятыве і падтрымаць тых, чыя надзея не памірае ніколі. Усе падрабязнасці пра збор сродкаў ёсць на сайце http://newhospice.by/your-help.

Аўтар: Кацярына АНДРЭЕВА

Крыніца: газета “Народная Воля”

]]>
http://belarus-live.info/?feed=rss2&p=53 0