Цяжкія пошукі
Франц Чарнышэвіч
Вераснёўскае нацыянальнае апытанне, зладжанае НІСЭПД, засведчыла даволі нечаканы факт: колькасць прыхільнікаў еўраінтэграцыі перавысіла колькасць энтузіястаў інкарпарацыі ў Расію. Стасунак першых да другіх складае 44% да 32%. Беларускія сацыёлагі ды журналісты адразу пачалі шукаць магчымыя версіі зменаў у геапалітычнай свядомасці, аднак, дзякаваць Богу, устрымаліся ад грунтоўных высноваў і доўгатэрміновых прагнозаў, слушна заўважыўшы, што варта пачакаць хаця б да зімы.
Экспертаў не здзіўляе, што паспалітаму беларусу можа прыйсці да галавы жаданне збліжацца з Еўропай, нават пасля прагляду самай аб’ектыўнай у свеце «Панарамы». Дастаткова было знізіць градус нападаў на «заходнія дэмакратыі» ў дзяржаўных СМІ, а кіраўніку дзяржавы заявіць пра жаданне бачыць «сінявокую» еўрапейскай краінай, як адразу грамадская думка стала больш прыязнай да ЕС. Гэта нагадвае вядомы анекдот пра беларуса, які злавіў залатую рыбку, аднак не наважыўся папрасіць чагосьці істотнага для сябе. Калі рыбка здзівілася такім паводзінам свайго візаві, беларус збянтэжана запытаўся: «А што, можна было?»
Геапалітычная свядомасць беларусаў апошнія гадоў дзесяць выявілася надта плыннай. Плыннасць тая вызначаецца бягучай палітычнай сітуацыяй ды настроямі ў дзяржаўных медыях. Газ перакрыюць – пачынаем глядзець на Еўропу, як кот на смятану, дадуць крэдыт – ідзем да братняй Расіі. Аднак не самі па сабе, а толькі пасля «адмашкі» зверху. У грамадстве, як сцвярджае кіраўнік НІСЭПД прафесар Алег Манаеў, яшчэ не існуе грунтоўнай падставы для фарміравання сталых геапалітычных арыентацыяў.
Варта разгледзець змены ў грамадскай думцы праз прызму нядаўніх сустрэчаў групы беларускіх журналістаў з прадстаўнікамі польскага палітычнага класу, зладжаных варшаўскім Цэнтрам міжнародных стасункаў (CSM). Асноўная тэза, якую можна было пачуць з вуснаў амаль усіх польскіх суразмоўцаў: поспех супрацоўніцтва ў рамках «Усходняга партнёрства» залежыць ад жадання саміх беларусаў. Патрыярх польскага супраціву, эксперт Еўракамісіі ў справах усходняй палітыкі Эўгеніюш Смоляр заявіў наўпрост, што ЕС не будзе нікога «цягнуць за вушы». Жаданне збліжэння мае быць з абодвух бакоў. З беларускага боку высілкаў адной апазіцыі недастаткова, бо, на думку Смоляра, яна не аказвае значнага ўплыву на сітуацыю, не з’яўляецца выразнікам памкненняў вялікай часткі насельніцтва і, такім чынам, не можа лічыцца за стратэгічнага партнёра. А партнёр патрэбны, бо толькі так можна дамагчыся істотных зменаў ва ўзаемаадносінах Беларусі з еўрапейскай супольнасцю.
Пасля няўдалай палітыкі ізаляцыі, якая, між іншым, прадугледжвала партнёрскую працу менавіта з апазіцыйнымі коламі, польская (ды не толькі, дарэчы, польская) дыпламатыя выглядае разгубленай. На думку Міхала Кацэвіча, аглядальніка з «Newsweek», зараз ідзе пошук новых інструментаў замежнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. У гэтым кантэксце пытанне партнёра ці не самае балючае. Адносіны з прадстаўнікамі Беларусі для польскіх урадавых колаў маральна амаль непрымальныя, бо пасля гадоў канфрантацыі размова нароўні з беларускімі чыноўнікамі выглядае недарэчна, тым больш калі ўлічваць працяг ціску на паплечнікаў Анжалікі Борыс. Аднак якраз вынікі вераснёўскага апытання чарговы раз дэманструюць вялікую ступень уплыву ўладаў на геапалітычную арыентацыю насельніцтва. Сітуацыя патавая, а значыцца, патрабуюцца нестандартныя рашэнні, незалежна ад таго як яны будуць выглядаць з боку еўрапейскіх стандартаў і права.
Вышэйсказанае зусім не азначае, што польскія палітыкі адкідаюць магчымасць далейшага супрацоўніцтва з апазіцыяй. Палітыку робіць актыўная частка насельніцтва, якая часткова належыць да апазіцыі, а дзяржава мае вялізны ўплыў, перад усім, на пасіўную частку электарату. Таму супраца з апазіцыйнымі элітамі будзе працягвацца, хаця б дзеля таго каб схіліць іх да больш прагматычных дзеянняў. Аднак расстаноўка сіл ва ўладных колах цікавіць польскіх дыпламатаў больш, яны шукаюць беларускіх Гарбачовых і Ельцыных, каб пераканацца, што змены, хаця б эвалюцыйныя, магчымыя. Такія асобы і могуць стаць будучымі партнёрамі.
А пакуль атрымліваецца, што самым грунтоўным і надзейным партнёрам для ЕС і ЗША з’яўляецца сам беларускі народ, «крыніца ўлады», як кажа нам Канстытуцыя. З Беларусі ў Брусэль паступаюць сігналы, што гэты самы народ выказаў зацікаўленасць Еўропай. Такія сігналы трэба лавіць і дэманстраваць хуткую рэакцыю, бо можа аказацца, што гэта адзіны ў доўгатэрміновай перспектыве спрыяльны момант для кардынальнай змены сітуацыі, нават калі гэтыя сігналы – вынік маніпуляцый у дзяржаўных СМІ. З такім партнёрам супраца можа грунтавацца адно на шчыльных кантактах, а кантакт з паспалітымі беларусамі можа адбывацца толькі тады, калі яны, жыхары вёсак і малых мястэчак, людзі з рознымі поглядамі і працоўнымі кваліфікацыямі, змогуць без усялякіх перашкодаў праходзіць праз «Шэнгенскі мур», які фатальна аддаліў беларусаў ад Еўропы. Пытанне коштаў і працэдуры атрымання візаў становіцца вырашальным для польскай і еўрапейскай дыпламатый, бо станоўчае рашэнне можа не толькі дазволіць дыпламатам захаваць аблічча, але і вызначыць лёс «беларускага пытання» для Еўропы, не кажучы пра Польшчу, для якой паглынанне Беларусі Расіяй – самы горшы з усіх сцэнараў.