Беларусь-Польшча: ці перакрыжоўваюцца паралельныя?
Юры Дракахруст
Хаця Польшча і Беларусь атрымалі незалежнасьць (Беларусь нават і фармальную) і пазбавіліся камунізму гістарычна амаль адначасна, паміж працэсамі ў дзьвюх краінах ляжала бездань. Гэтая бездань вызначыла і далейшыя траекторыі разьвіцьця Беларусі і Польшчы.
У польскую антыкамуністычную рэвалюцыю 1980–1989 гг. была ў той ці іншай ступені заангажаваная значная колькасьць насельніцтва, у «Салідарнасьці» ў яе лепшыя часы ўдзельнічала добрая чвэрць дарослага насельніцтва Польшчы. Польскі працэс быў вынікам самаразьвіцьця польскага грамадзтва, у пэўным сэнсе Польшча была ўзорам і рухавіком распаду ўсясьветнай камуністычнай сыстэмы.
У адрозьненьне ад Польшчы рэвалюцыйныя працэсы ў Беларусі былі ў большай ступені наведзенымі, індукаванымі тымі працэсамі, тым крызысам, што адбываўся ў СССР – краіне, часткай якой Беларусь была.
Безумоўна, беларуская апазыцыя, найперш Беларускі Народны Фронт, адыгралі значную ролю ў атрыманьні незалежнасьці і падзеньні камуністычнай сыстэмы ў Беларусі, але падаецца, што гэтая роля тычылася больш формаў працэсаў, а ня іх сутнасьці. Калі б камунізм не абрынуўся ва ўсім Савецкім Саюзе, і ў першую чаргу ў Расеі, калі б ня моцны рух да незалежнасьці ў балтыйскіх і каўкаскіх рэспубліках СССР і ва Ўкраіне, наўрад ці Беларусь уласнымі сіламі атрымала б незалежнасьць і пазбавілася панаваньня камуністычнай партыі.
На карысьць такога погляду можна прывесьці некалькі аргумэнтаў. Незалежнасьць і крах камунізму адбыліся ў рэшце рэшт ва ўсім СССР – ад Эстоніі да Туркмэніі, дзе ніякай апазыцыі не было наагул. У беларускую рэвалюцыю 1989–1991 гг. (калі яе можна так назваць) было заангажавана значна менш людзей, чым у адпаведных падзеях у Польшчы, балтыйскіх краінах і ва Ўкраіне. Нарэшце, ступень удзелу нацыі ва ўласным вызваленьні абумоўлівае і далейшую хаду падзеяў. А прыход да ўлады ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнкі, небясьпечныя інтэграцыйныя гульні з Расеяй (якія, дарэчы, пачаліся яшчэ да яго прыходу), паўставаньне квазісавецкай, аўтарытарнай сыстэмы пацьвяржаюць тэзу, што незалежнасьць і крах камунізму зваліліся на беларусаў, як сьнег на галаву.
Варта адзначыць, што польская антыкамуністычная рэвалюцыя мела асаблівасьці, якія не былі паўтораныя ні ў адной іншай краіне Цэнтральнай Эўропы і былога СССР, – гэта значная доля рабочіх у антыкамуністычным руху. Гэта, дарэчы, выклікала ў Беларусі дадатковыя сымпатыі да польскай рэвалюцыі па-за межамі кола інтэлігенцыі. Рабочыя хваляваньні ў Менску і іншых беларускіх гарадах у красавіку 1991 году абазначылі магчымасьць падобнага на польскі шляху рэвалюцыі, але гэтыя падзеі, хаця і аказалі пэўны ўплыў на рэвалюцыйны працэс у СССР у цэлым, у Беларусі сталіся толькі асобным эпізодам, які ня меў палітычнага працягу.
Нягледзячы на правал у аўтарытарную «яміну» (правал, магчыма, і непазьбежны), варта адзначыць і станоўчыя зьявы, якія адбыліся ў Беларусі за гады незалежнасьці і ў гады кіраваньня Лукашэнкі. Гэта найперш станаўленьне інстытутаў незалежнай дзяржавы. Можна спрачацца наконт іх эфэктыўнасьці, але варта прыгадаць сытуацыю 1991 году, калі існавалі сурьёзныя сумневы ў тым, ці здольныя беларусы стварыць іх наагул. Праўда, і дагэтуль беларуская эканоміка застаецца вельмі залежнай ад расейскай, але тое, што амаль палова беларускага экспарту пераарыентавалася на Захад, сьведчыць, што і ў гэтай галіне фармаваньне інстытутаў незалежнай дзяржавы адбылося ці пакрысе адбываецца.
Куды больш складаным шляхам адбываецца фармаваньне нацыянальнай і дзяржаўнай ідэнтычнасьці. У Беларусі клясычная культурна-этнічная мадэль нацыі застаецца здабыткам параўнальна нешматлікага кола. Нацыянальная ідэнтычнасьць пераважнай большасьці фармуецца праз досьвед квазідзяржаўнасьці Беларускай ССР, парадаксальным чынам нават праз дыстанцыяваньне ад капіталістычнай і алігархічнай Расеі, у адрозьненьне ад якой Беларусь захавала вернасьць свайму з Расеяй агульнаму сацыялістычнаму мінуламу.
Гэты падмурак выглядае досыць хісткім, асабліва на польскі погляд, дзе нацыянальная ідэнтычнасьць сфармаваная зусім іншым шляхам. Аднак пакуль гэты падмурак аказваецца дастаткова трывалым, каб беларускае грамадзтва супрацьстаяла тым выклікам, якія кідаюць яму няпростыя стасункі з Расеяй.
На мой погляд, варта зьвярнуць увагу таксама на цікавае падабенства Беларусі і Польшчы. Толькі гэтыя дзьве краіны мелі ў посткамуністычны пэрыяд «хлопскіх цароў» – Леха Валенсу і Аляксандра Лукашэнку, лідэраў, якія не былі выхадцамі ні з інтэлігенцыі, ні з камуністычнай намэнклятуры, прадстаўнікоў ніжэйшых слаёў грамадзтва.
Польшча як адна з самых вялікіх краінаў рэгіёну, краіна з моцнай і прывабнай культурай, дастаткова эканамічна разьвітая, зьнітаваная з суседзямі шчыльнымі гістарычнымі сувязямі, натуральным чынам імкнецца да лідэрства ў рэгіёне, да ролі адваката і апекуна сваіх постсавецкіх суседзяў. Да таго ж беларусы станоўча ацэньваюць эканамічныя дасягненьні Польшчы, у тым ліку і ў параўнаньні з Беларусьсю, пра што сьведчаць, напрыклад, дадзеныя апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.
Таблица 1. Дынаміка адказаў на пытаньне «Як, на Ваш погляд, жывуць людзі ў суседніх краінах?», %
Варыянт адказу Лепш, чым у Беларусі Гэтак жа, як у Беларусі Горш, чым у Беларусі
03′05 04′06 08′06 06′09 03′05 04′06 08′06 06′09 03′05 04′06 08′06 06′09
У Польшчы 63.1 50.8 46.2 59.7 15.2 26.0 22.5 21.1 2.9 11.4 14.9 6.3
У Латвіі 47.6 39.7 34.1 38.7 19.1 26.3 23.3 25.5 6.4 18.0 21.9 16.8
У Летуве 45.7 36.8 33.1 39.5 20.8 27.3 25.0 26.6 6.2 20.0 21.9 14.7
У Расеі 28.9 24.6 21.2 39.6 40.4 40.7 44.6 38.2 15.9 28.1 23.6 15.0
Ва Ўкраіне 11.2 10.9 8.4 16.5 30.9 26.0 29.3 25.8 41.6 56.1 50.6 50.4
Як бачым, Польшча зьяўляецца лідэрам параўнальных станоўчых ацэнак. Да таго ж варта дадаць, што палякі – народ, вельмі блізкі беларусам этнічна і культурна, яны саступаюць адно расейцам і знаходзяцца прыкладна на адным узроўні з украінцамі (гл. http://www.iiseps.org/4-06-5.html).
Але так выглядае, што магчымасьці польскага ўплыву на Беларусь маюць натуральныя абмежаваньні, якія, магчыма, не заўсёды ў Польшчы ўсьведамляюцца. Адна з прычынаў палягае ў тым, што, нягледзячы на блізкасьць, беларусы і палякі – тыпалягічна вельмі адрозныя нацыі. Паводле беларускага дасьледчыка Юрыя Шаўцова, беларускае нацыянальнае не маніфэстуецца, а праяўляецца. Польскае ж нацыянальнае выразна акрэсьленае і часам нават дэманстратыўна заманіфэставанае.
Два народы адрозьніваюцца таксама ў стаўленьні да Расеі. Кажучы зусім проста, для палякаў Расея, расейцы – цывілізацыйна чужыя, для беларусаў – свае. Апошняе не выключае канфліктаў, але іх характар – не межцывілізацыйны. Гэта абумоўлівае і іншую, адрозную ад польскай, нацыянальную геапалітычную карціну сьвету. Нават для праэўрапейскі арыентаванай часткі беларускага насельніцтва Польшча – ня ўзор і не настаўнік у эўрапейскасьці.
Табліца 2. Разьмеркаваньне адказаў на пытаньне «Калі б Беларусь стала сябрам ЭЗ, на якія групы краінаў ёй варта было б арыентавацца?», % (травень 2006 г.)
Варыянт адказу %
На “старых” кантынэнтальных сябраў ЭЗ – Нямеччыну, Францыю, Гішпанію і інш. 41.4
На новых сябраў ЭЗ – Польшчу, Летуву, Чэхію, Вугоршчыну, Славакію і інш. 12.9
На Вялікую Брытанію 5.1
Дзіўным чынам беларусам больш утульна з культурна далёкімі немцамі, чым з культурна блізкімі палякамі. Можна выказаць небеспадстаўную гіпотэзу, што нават у пэрспэктыве, пры зьмене палітычнай сытуацыі ў Беларусі і выразным эўрапейскім выбары, Беларусь стане не яшчэ адной краінай «новай» Эўропы, а фарпостам на ўсходзе кантынэнту «старой» Эўропы.
Усе сказанае тычыцца настрояў і інтэнцыяў беларускага грамадзтва ў цэлым, гэтаму зусім не супярэчыць наяўнасьць у беларускім грамадзтве групаў, выразна арыентаваных на Польшчу, якія натхняюцца менавіта польскім досьведам. Але гэтыя групы занадта малыя, яны маюць досыць абмежаваныя магчымасьці пашырэньня свайго ўплыву, і ня толькі з прычыны рэпрэсіўнага характару беларускай дзяржавы, але і з адрознасьці іх культурнага коду ад коду большасьці.
Выглядае, што Польшча магла б пашырыць свой уплыў у Беларусі не як яе эўрапейскі адвакат, а як бацькаўшчына «Салідарнасьці» зь яе ідэалам роўнасьці і справядлівасьці.