Ізноў на ростанях, або Чаму Польшча кліча Беларусь у Еўропу
Юрась Каласоўскі
Паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем Беларусь стагоддзямі знаходзілася на стыку культур і святапоглядаў, ва унікальных умовах шматнацыянальных кантактаў на скрыжаванні Заходняй і Усходняй цывілізацый. І сённяшнія рэаліі пацвярджаюць гэта: пасля больш як 10 год палітыкі ізаляцыі Еўропа запрашае Беларусь да супрацы, імкнучыся выцягнуць яе з сферы ўплыву Расіі.
Нядаўна варшаўскі Цэнтр міжнародных адносінаў арганізаваў тыднёвы інфармацыйна-навучальны візіт для беларускіх журналістаў, якія перамаглі ў конкурсе, прысвечаным параўнанню зменаў у Польшчы і Беларусі за апошняе дваццацігоддзе. На працягу тыдня адбыўся шэраг сустрэчаў з польскімі экспертамі, палітыкамі і журналістамі, адной з асноўных тэм якіх стала абмеркаванне перспектыў новай палітыкі аб’яднанай Еўропы ў дачыненні да Беларусі. Сустрэчы былі тым больш цікавымі, што менавіта Польшча з’яўляецца адным з ініцыятараў праграмы «Усходняе партнёрства», з дапамогай якой Еўрасаюз і плануе наладзіць узаемаадносіны з Беларуссю. І менавіта «Усходняе партнёрства» з’яўляецца сёння прыярытэтным напрамкам Польшчы ў палітыцы аб’яднанай Еўропы.
Нагадаю, што гэтая праграма, распрацаваная Еўрапейскім Саюзам па ініцыятыве Польшчы і Швецыі і зацверджаная ў траўні 2009 года ў Празе, дэкларуе, што грамадзянская супольнасць ёсць ключавым фактарам для поспеху дэмакратычных і рынкава арыентаваных рэформаў і прадугледжвае больш цеснае супрацоўніцтва з ЕС у эканамічнай і палітычнай сферах шасці краінаў Усходняй Еўропы – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.
Для Беларусі ж удзел ва «Усходнім партнёрстве» прадугледжвае лібералізацыю выбарчага заканадаўства і гандлёвых адносінаў з ЕС, спрашчэнне візавага рэжыму, удзел у праграмах па энергетычнай бяспецы, адміністрацыйных рэформах і абароне навакольнага асяроддзя. Такім чынам, «Усходняе партнёрства» адчыняе для нашай краіны дзверы ў Еўропу, якія доўгі час заставаліся зачыненымі.
Некаторыя аналітыкі ўжо называюць «Усходняе партнёрства» пераломам, гістарычнай падзеяй і нават пачаткам вяртання Беларусі ў рэчышча еўрапейскай цывілізацыі, да якой яна гістарычна належыць. Разам з тым бясспрэчна і тое, што «Усходняе партнёрства» – гэта пачатак новай палітыкі, формы і метады якой яшчэ толькі акрэсліваюцца. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: чаго чакае Еўропа ад Беларусі і як яна плануе будаваць адносіны з нашай краінай далей?
Пасля шматлікіх размоў з польскімі аналітыкамі, грамадскімі дзеячамі і журналістамі я паспрабаваў стварыць нейкую агульную карціну, якая б дастаткова поўна характарызавала новы паварот у палітыцы ЕС, імя якому – «Усходняе партнёрства».
Але перадусім паўтаруся, што гэты праект – толькі пачатак новага і, відаць, доўгатэрміновага этапу еўрапейскай палітыкі, які яшчэ павінен напоўніцца канкрэтным зместам. Еўрасаюз, які мае намер доўгатэрміновай супрацы з Беларуссю, яшчэ не да канца вызначыўся з формамі і метадамі сваёй новай палітыкі. Акрамя таго, не трэба забываць і пра тое, што ў ЕС існуе 27 цэнтраў прыняцця рашэнняў, многія з якіх мала зацікаўлены ў пашырэнні дачыненняў з Беларуссю, аддаючы прыярытэт іншым праектам.
Першым экспертам, з якім давялося сустрэцца ў Варшаве, быў сп. Яраслаў Каліноўскі, дэлегат па справах Беларусі ў Еўрапарламенце. Сп. Каліноўскі адзначыў, што сёння, нягледзячы на разыходжанне ў поглядах на дэмакратычныя стандарты ў Беларусі і Польшчы, нашыя краіны павінны супрацоўнічаць. І Польшча павінна не ізалявацца ад Беларусі, а паступова, маленькімі крокамі набліжаць усходнюю суседку да сябе, напрыклад, праз гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэта як бот, прасунуты ў дзверы, якія трэба адчыніць: хоць і не адчынім пакуль, але ж і зачыніцца ім не дамо.
Безумоўна, Польшча хоча таксама дапамагчы беларускай грамадскасці, якая жадае дэмакратычных зменаў; хоча развіваць цывільнае грамадства, бо, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі, павінна змяніцца само грамадства. Важнымі аспектамі, якія могуць паўплываць на грамадскую думку, Захад лічыць спрашчэнне візавага рэжыму і культурнае супрацоўніцтва. Разам з тым Польшча і іншыя краіны ЕС разумеюць, што беларусы павінны самі вырашаць свой лёс.
А вось журналіст тыднёвіка «Newsweek» Міхал Кацэвіч спадзяецца, што новае пакаленне беларускай эліты будзе арыентавацца на Еўропу і ў будучыні зможа па-новаму кіраваць краем. А Польшча, якая раней была мурам паміж Беларуссю і Еўропай, сёння хоча стаць мостам паміж імі. Але гэта не будзе лёгка: Польшча пакуль не мае вялікага ўплыву ў Еўрасаюзе, у якога, у сваю чаргу, няма адзінай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. А таму працэс уцягвання Беларусі ў сферу ўплыву ЕС будзе, хутчэй за ўсё, вельмі марудным і паступовым, бо аб’яднаная Еўропа – гэта вялікая і неаднародная структура.
Да таго ж у польскіх дыпламатаў пакуль няма выпрацаванага плана дзеянняў у дачыненні да Беларусі – цяжка ж адразу братацца з афіцыйным Мінскам! Безумоўна, любыя крокі беларускіх уладаў насустрач будуць вітацца: так, палякаў вельмі хвалюе праблема непрызнання афіцыйнымі ўладамі Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Што да спрашчэння візавага рэжыму, то тут важным аспектам з’яўляецца фактычная адсутнасць мяжы паміж Беларуссю і Расіяй.
Таксама сп. Кацэвіч выказаў цікавае меркаванне, што калі будзе наладжана толькі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Захадам і Беларуссю пры адсутнасці дэмакратычных трансфармацый у беларускім грамадстве, то гэта можа прывесці да эры новай ізаляцыі і ментальнай адчужанасці: маючы кантакт у сферы эканомікі і гандлю, еўрапейцы адкінуць думку, што Беларусь належыць ці можа належаць да Еўропы.
Журналіст адзначыў, што Еўропа расчаравалася ў магчымасцях беларускай апазіцыі і цяпер, пасля больш як дзесяці год безвыніковай палітыкі ігнаравання афіцыйных уладаў краіны, перад еўрапейцамі паўстала пытанне: «Калі мы змарнавалі столькі гадоў, робячы стаўку на палітыку ізаляцыі, што тады рабіць з Беларуссю? Што рабіць, калі мы ўвесь час падтрымліваем апазіцыю, але гэта нічога не дае?»
Эксперт Еўракамісіі ў справах усходняй палітыкі, сп. Эўгеніюш Смоляр таксама адзначыў, што сёння ЕС проста не можа не прызнаваць і ігнараваць афіцыйны Мінск, паколькі ён рэальна кіруе ў Беларусі. Безумоўна, будзе працягвацца і супраца з беларускімі няўрадавымі арганізацыямі, накіраваная на тое, каб паспрыяць дэмакратычным трансфармацыям беларускага грамадства.
Калі прынцыповая палітыка ізаляцыі зазнала паразу, то цяпер яе месца займае прагматычная палітыка, накіраваная на тое, каб захаваць стабільнасць у гэтым рэгіёне і атрымаць пэўныя дывідэнды ад эканамічнага супрацоўніцтва. Рэаліі ж глабальнага рынку такія, што Беларусь не можа існаваць як ізаляваная выспа і яе ўрад будзе вымушаны або ахвяраваць незалежнасцю, або з рызыкай для ўлады распачаць працэс дэмакратызацыі. Калі ж урад Беларусі пойдзе на супрацу з ЕС, то ў беларускім грамадстве з цягам часу з’явяцца групы людзей, якія будуць звязваць сваю будучыню менавіта з Еўропай.
У сувязі з гэтым сп. Смоляр падкрэсліў, што новая палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі – гэта паступовая адмена санкцый у абмен на саступкі беларускай улады, але не шлях рэвалюцыі.
Нарэшце, аглядальнік з уплывовага польскага тыднёвіка «Polityka» Марэк Астроўскі выказаў меркаванне, што Польшча, імкнучыся развівацца па заходнім узоры і ўладкаваўшы свае адносіны з моцным суседам на захадзе (Нямеччынай), мусіць звярнуцца і на ўсход. Вядома ж, у ідэале палякі хацелі б і там бачыць моцнага суседа, які, як лакаматыў, штурхаў бы Польшчу да пазітыўных зменаў. Тым не менш, якой бы ні была сённяшняя Беларусь з пункту гледжання палякаў, ім, паводле сп. Астроўскага, нічога не застаецца, як добрасуседства і трансгранічная супраца з гэтай краінай.
Сп. Ігнацы Немчыцкі, спецыяліст аналітычна-стратэгічнага дэпартамента Камітэта еўрапейскай інтэграцыі, прычынай звароту ўвагі Польшчы на ўсходнія межы назваў тое, што менавіта па іх цяпер праходзіць мяжа ЕС. Аб’яднаная Еўропа, у сваю чаргу, мусіць пашыраць уплыў ва ўсходнім напрамку (шляхам палітыкі добрасуседства), каб нейтралізаваць уплыў Расіі. Безумоўна, і слабасць беларускай апазіцыі прымусіла Еўропу шукаць шляхі супрацы з афіцыйным Мінскам. І на пачатковым этапе гэтай супрацы галоўным яе вектарам бачыцца менавіта гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, якое ў доўгатэрміновай перспектыве павінна прывесці да дэмакратызацыі краіны. Разам з тым беларускае грамадства павінна быць актыўным, бо Еўропа можа толькі прапанаваць пэўныя магчымасці Беларусі.
Падобнае меркаванне выказаў і кіраўнік Фундацыі былога прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага Ірэніюш Біль.
Захад прыйшоў да высновы, што калі ў Беларусі немагчыма выклікаць рэвалюцыйныя змены шляхам супрацы з апазіцыяй, то трэба ісці эвалюцыйным шляхам: маладое пакаленне беларускай улады больш арыентаванае на Еўропу, а значыць, у перспектыве яно можа змяніць вектар геапалітыкі краіны.
«Мы перакананыя, што дэмакратыю нельга навязаць зверху, яна сама павінна саспець у грамадстве», – падкрэсліў сп. Біль. Цяпер Захад хоча выкарыстоўваць новыя інструменты ў дачыненнях з Беларуссю і такім чынам даць ёй новыя магчымасці для дэмакратычных пераменаў. Асноўная задача ЕС – выцягнуць Беларусь з поля ўплыву Расіі. Тым не менш, пакуль самі палякі не ўпэўнены ў эфектыўнасці новай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, таму што Еўрапейскі Саюз – гэта даволі вялікая і неаднародная структура, многія краіны якой аддаюць перавагу іншым праектам.
Пра эвалюцыйны шлях супрацы паміж ЕС і Беларуссю казаў і прадстаўнік польскага МЗС, паводле якога прыярытэт Еўропы – садзейнічаць незалежнасці Беларусі і стабільнасці ў гэтым рэгіёне, а ўжо потым ідуць дэмакратычныя змены.
Еўрапейцы за апошняе дзесяцігоддзе паспелі пераканацца, што палітыка ізаляцыі – найгоршы варыянт нароўні з інкарпарацыяй Беларусі ў Расію. Пры гэтым не трэба думаць, што «Усходняе партнёрства» накіравана супраць Расіі, таму што будучыня гэтай краіны таксама звязана з Еўропай.
А той факт, што на развіццё ўзаемаадносінаў з Беларуссю ў межах «Усходняга партнёрства» ЕС выдаткаваў параўнальна невялікія грошы, азначае, што Еўропа зацікаўленая гэтым праектам і гатова пашыраць супрацу пры ўмове тэндэнцый да дэмакратычных трансфармацый у Беларусі. Пры гэтым ніхто на Захадзе ўжо не мае ілюзій наконт магчымасці адносна хуткай дэмакратычнай трансфармацыі ў Беларусі.
«Навошта палякі цалуюць жанчыне руку? Бо трэба ж з чагосьці пачынаць», – гэты анекдот палітык распавёў, каб паказаць, што «Усходняе партнёрства» – гэта таксама пачатак новага этапу ў агульнаеўрапейскай палітыцы.
А вось дэпутат польскага Сейма і сябар камісіі па Беларусі распавёў, што ў Сейме РП ёсць так званая «група сябраў Беларусі» (каля 30 дэпутатаў), якая шмат працуе ў справе Беларусі і хацела б бачыць гэтую краіну ў зусім іншай эканамічнай, культурнай і палітычнай сітуацыі. Разам з тым дэпутат прызнаў, што працаваць у гэтым напрамку трэба многа і цяжка: «У справе з Беларуссю няма простых рашэнняў. Ключавы партнёр Еўропы ў справах з гэтай краінай – перадусім моладзь і інтэлігенцыя, пакаленне, якое можа змяніць Беларусь».
Шмат увагі ў нашых размовах надавалася і таму, што дало Польшчы сяброўства ў Еўрасаюзе і што можа даць Беларусі супраца з аб’яднанай Еўропай.
Так, сп. Яраслаў Каліноўскі, дэлегат па справах Беларусі ў Еўрапарламенце, адзначыў, што вялікія сумневы і боязь таго, што ўступленне ў ЕС прывядзе да эканамічнай катастрофы, не спраўдзіліся. Атрымалася наадварот – Польшча атрымала моцную падтрымку ў галінах сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і захавання культурных традыцый. Пры гэтым вялікім плюсам з’яўляецца тое, што Еўропа падтрымлівае менавіта еўрапейскую мадэль развіцця краіны, вылучаючы вялікія датацыі на адпаведныя змены ў Польшчы.
Напрыклад, сп. Юліюш Глускі, прэс-сакратар аб’яднання «EURO 2012», якое рыхтуе еўрапейскі чэмпіянат па футболе, распавёў, што Польшча, рыхтуючыся разам з Украінай прыняць Еўра-2012, атрымала вельмі моцны імпульс для развіцця адпаведнай інфраструктуры: будаўніцтва новых стадыёнаў, трэніровачных баз, гатэляў, дарог, рэканструкцыя аэрапортаў і г.д. «Мы проста павінны хутка развівацца, і Еўра-2012 – гэта як пуга над намі, бо мы павінны не аганьбіцца перад усім светам», – падкрэсліў ён.
Прадстаўнік Польскай палаты па турызме сп. Дарыюш Войтал паказаў змены ў эканоміцы Польшчы на прыкладзе галіны турызму. Цікава, што пасля ўступлення Польшчы ў ЕС найбольшы імпульс для развіцця атрымаў менавіта турызм, паколькі межы сталі адкрытымі і Польшча выйшла на рынак заходніх тураператараў. Так, калі ў 2004 г., напрыклад, Егіпет наведалі толькі 150 тыс. палякаў, то ў 2008 г. – 600 тыс. Безумоўна, развіццю турызму паспрыялі і вялікія інвестыцыі з ЕС. І сёння турызм прыносіць 1/3 даходаў у польскі бюджэт – нават больш, чым энергетыка. Натуральна, развіваецца інфраструктура, якая цяпер павінна адпавядаць самым высокім патрабаванням. І ўвогуле, сёння палякі надаюць вялікую ўвагу таму, як прадаваць, як зрабіць Польшчу прывабнай для турыстаў.
А вось сп. Ігнацы Немчыцкі назваў цэлы шэраг пазітыўных зменаў у Польшчы пасля ўступлення ў ЕС:
• рост ВУП, паколькі Польшча атрымлівае вялікія інвестыцыі з ЕС;
• зніжэнне беспрацоўя (2003 г. – 20%, 2008 г. – 10%) за кошт стварэння новых месцаў працы і міграцыі рабочай сілы ў краіны ЕС;
• развіццё турызму (адкрытыя межы);
• развіццё сістэмы аховы навакольнага асяроддзя, якая павінна адпавядаць еўрапейскім стандартам;
• уніфікацыя нарматыўнага заканадаўства;
• ментальныя змены – сёння палякі ў значна большай ступені адчуваюць сябе еўрапейцамі, чым гэта было да ўступлення ў Еўрасаюз.
Вельмі станоўча пра ўступленне Польшчы ў ЕС выказаўся і дарадца Прэзідэнта РП у справах міжнароднага супрацоўніцтва Марыюш Хандзлік, які таксама грунтоўна акрэсліў і еўрапейскую перспектыву Беларусі.
Сп. Хандзлік сказаў, што змены, якія адбыліся ў Польшчы цягам апошніх 20 гадоў і асабліва пасля далучэння яе да ЕС, пераўзышлі ўсе чаканні і сведчаць, што рашэнні, прынятыя ў 1989 г., былі правільнымі. Найлепшым жа палякам бачыцца тое, што яны маюць свабоду і магчымасць выбіраць і трымаюць свой лёс ва ўласных руках.
«Еўрасаюз – гэта найлепшы эксперымент у гісторыі свету, унікальнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое прыносіць вялікую карысць як для сваіх грамадзян, так і для дзяржаў-сябраў ЕС. Але Еўропа ніколі не будзе вольнай, пакуль не будзе салідарнай, пакуль там не будуць краіны, якія сёння ўваходзяць у праграму «Усходняе партнёрства». Мы не можам быць цалкам шчаслівымі, пакуль нашы ўсходнія суседзі знаходзяцца ў горшых умовах», – паведаміў польскі дыпламат.
Увогуле ж «Усходняе партнёрства», паводле сп. Хандзліка, павінна збліжаць вышэйзгаданыя краіны з ЕС, быць мостам паміж аб’яднанай Еўропай і гэтымі дзяржавамі.
«Усходняе партнёрства» – гэта вялікі шанец на збліжэнне з Еўропай. Разам з тым мы разумеем, што гэта не хуткабежны працэс, бо нават Польшча 15 гадоў ішла да таго, каб уступіць у ЕС. Сёння мы хочам супрацы, і вы можаце разлічваць на нашу салідарнасць і дапамогу. Тым не менш, усё залежыць ад волі беларускага грамадства», – кажа сп. Хандзлік.
Ад Беларусі ж Еўропа чакае крокаў насустрач: гэта лібералізацыя выбарчага заканадаўства, спыненне абмежавання свабоды СМІ і недзяржаўных арганізацый, лібералізацыя рынку і эканамічныя рэформы. Каб пачаць збліжэнне з ЕС, Беларусь павінна найперш уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Таксама вельмі важным аспектам з’яўляецца непрызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўночнай Асеціі. Для Польшчы ж вельмі істотным з’яўляецца тое, што беларускія ўлады павінны спыніць пераслед Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс.
Напрыканцы дарадца Леха Качыньскага выказаў думку, што такая магутная структура, як ЕС, мусіць пашырацца, а значыць, будуць працягвацца і палітычныя кансультацыі з РБ: «Карыстаючыся прынцыпамі салідарнасці і дэмакратыі, мы хочам дзяліцца з нашымі суседзямі ўсім найлепшым, што ёсць у Польшчы. «Усходняе партнёрства» – гэта найперш інструмент, з дапамогай якога мы размаўляем з азначанымі краінамі. Інтэграцыя Беларусі ў ЕС і НАТО непазбежная, бо няма будучай Еўропы без такіх дзяржаў, як Беларусь, як адной з тых, што ўтварыліся пасля распаду СССР».
Падвядзем вынік усяму вышэйсказанаму.
Асноўныя мэты праграмы «Усходняе партнёрства»:
• ангажаваць грамадскія супольнасці краінаў «Усходняга партнёрства» ў сферу ЕС (уключаючы пазаўрадавыя арганізацыі, прадстаўнікоў бізнесу і мясцовых уладаў) з мэтай максімальнага набліжэння гэтых краін да Еўрасаюза;
• інтэграцыя ў розных аспектах дзейнасці (найперш стварэнне агульнай эканамічнай прасторы);
• палягчэнне візавага рэжыму;
• супраца ў галіне энергетычнай бяспекі і развіцця энергетычнай інфраструктуры.
Што можа даць Беларусі «Усходняе партнёрства» і далейшая супраца з ЕС:
- спрошчанае наведванне беларускімі грамадзянамі краін-сябраў ЕС;
- пашыранае трансгранічнае супрацоўніцтва, якое спрыяе большаму ўзаемадзеянню ў эканамічным жыцці, ахове навакольнага асяроддзя;
- падтрымка беларускай эканомікі, дапамога ў развіцці прадпрымальніцтва і падрыхтоўка беларускіх прадпрыемстваў да выхаду на еўрапейскі рынак;
- падтрымка праграмаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі праз еўрапейскую фінансавую дапамогу;
- паляпшэнне сістэмы аховы здароўя і адукацыі;
- больш эфектыўнае дзяржаўнае і мясцовае кіраванне;
- рэформа прававой і судовай сістэмы з мэтай забеспячэння роўных правоў для ўсіх грамадзян;
- лепшыя эканамічныя магчымасці для Беларусі і палепшаныя ўмовы жыцця для яе грамадзян праз развіццё і мадэрнізацыю транспартнай і энергетычнай сістэмы;
- паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя (якасць вады, утылізацыя выкідаў і падтрымка ў барацьбе з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы);
- больш блізкі дыялог і шчыльнае супрацоўніцтва з Еўропай ва ўсіх іншых сферах.
Такім чынам, дзверы ў Еўрапейскі Саюз не зачыненыя, і толькі ад нас залежыць, ці захочам мы ўвайсці ў дом аб’яднанай Еўропы. Ад гэтага выйграюць усе.