Пасільная праца напаўняе жыццё сэнсам.

Я калекцыяную кававыя кубачкі і адусюль, дзе бываю, стараюся прывезці хаця б адзін. Самы кранальны экспанат у маёй калекцыі — кубачак са сподкам, вылеплены і распісаны ўручную, трохі крываваты, з далікатнымі акварэль нымі кветкамі. Ён вылучаецца нейкай цёплай, безабароннай прыгажосцю. Я купіла яго ў сувенірнай краме старога Таліна. Адразу ж, як убачыла на паліцы, не змагла адвесці вачэй… Аказалася, гэты кубачак зроблены чалавекам з інваліднасцю, а сувенірная крамка была сацыяльнай.

Цяпер такія сацыяльныя крамы, дзе можна купіць вырабы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, з’явіліся і ў Беларусі, напрыклад у Баранавічах. Але давайце па парадку…

Раней пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва меліся толькі сацыяльна-рэабілітацыйныя майстэрні для людзей з інваліднасцю. Выключна працоўных майстэрняў не было.

У чым розніца паміж сацыяльна-рэабілітацыйнымі і працоўнымі майстэрнямі? Першыя, па словах спецыялістаў, ставяць сваёй мэтай аднаўленне і развіццё парушаных функцый у людзей з інваліднасцю, фарміраванне кампенсаторных навыкаў па самаабслугоўванні, вядзенні хатняй гаспадаркі, навучанне элементарным працоўным аперацыям. Людзі ў такіх майстэрнях лепяць, вырабляюць сувенірную прадукцыю, але не прадаюць яе.

У працоўных майстэрнях людзі з інваліднасцю працуюць па тэрміновым працоўным дагаворы і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі МРЭК. І за сваю працу атрымліваюць заработную плату, да таго ж ім ідзе працоўны стаж.

— Давайце будзем шчырымі: людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці, сёння неканкурэнтаздольныя на рынку працы, — распавядае газеце “Звязда” дырэктар ТЦСАН Баранавічаў Алена Герман. — Яны па стане здароўя не здольны на роўных канкураваць са здаровымі людзьмі. Як правіла, такія з дзяцінства атрымліваюць пенсію па інваліднасці. Памер яе без працоўнага стажу невысокі… Калі ж чалавек з абмежаванымі магчымасцямі зможа афіцыйна папрацаваць хоць бы некалькі гадоў, то яго пенсія павялічыцца і будзе ісці ўжо як рабочая.

У майстэрнях дзённага аддзялення ТЦСАН Баранавічаў адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці ажыццяўляецца з 2008  года. Гэтая праца фінансуецца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У 2008 годзе пачала сваю працу майстэрня па вырабе простай друкаванай прадукцыі, у якой маладыя людзі асвоілі працэс вырабу брашур, часопісаў, запісных кніг, паштовак ручной працы. Для майстэрні былі набыты камп’ютар, капіравальны апарат, каляровы лазерны прынтар і інш. У 2010-м была створана майстэрня, дзе маладыя інваліды асвоілі працу са льном і льновалакном і навучыліся вырабляць сувеніры і пано. У 2012-м адкрылася майстэрня па вырабе папяровых пакетаў для падарункаў і канвертаў. Прадукцыя бязвыплатна перадаецца ў бюджэтныя арганізацыі.

Дарэчы, маладыя інваліды, якія працуюць у адной з такіх майстэрняў, атрымліваюць заработную плату.

Пасля заканчэння работ па адаптацыі да працоўнай дзейнасці ім пераразлічваюць пенсію па інваліднасці на працоўную.

Вось ужо некалькі год пры дзённым аддзяленні ТЦСАН працуюць дзве рамесніцкія майстэрні. Іх наведваюць 16 чалавек.

— Мы прапанавалі маладым людзям стаць рамеснікамі, — кажа Алена Герман. — Бо тыя навыкі, якім мы іх навучылі ў працоўных сацыяльна-рэабілітацыйных майстэрнях, падпадаюць пад рамесніцкую дзейнасць. Нашы падапечныя паспяхова прайшлі адаптацыю да працоўнай дзейнасці і зараз могуць самастойна працягваць працаваць па засвоенай прафесіі. Зарэгістравацца рамеснікам проста: дастаткова заплаціць адну базавую велічыню ў год — і ты можаш працаваць. Так у людзей з інваліднасцю з’яўляецца магчымасць рэалізоўваць сваю прадукцыю — на кірмашах і ў рамках дабрачынных акцый у школах горада… Мы імкнёмся аказваць ім у гэтым садзейнічанне. І ў нас гэта атрымліваецца. А ўжо як яны самі рады!

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

 

Крыніца: “Звязда”

Leave a Reply